Канікулярны школьны парк забаў

- 16:20ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Як падарыць дзецям радасць, новыя ўражанні, адпачынак, зарад бадзёрасці? Адказ на гэта пытанне знайшлі педагогі сярэдняй школы № 3 Ваўкавыска. На вясновых канікулах дзяцей тут чакалі аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Непаседы”, анлайн-лагер “EnjoyEnglish” (“Англійская з задавальненнем”) для вучняў VVIII класаў і анлайн-лагер “Чарадзеі” для вучняў IXXI класаў.

Далой званкі, парты і дакучлівыя падручнікі! Толькі выдатная кампанія, пазнавальныя майстар-класы, цікавыя знаёмствы, тэматычныя дні, займальныя экскурсіі, крэатыўныя выхавальнікі!

Аздараўленчы лагер “Непаседы” – з аднаго боку – форма арганізацыі вольнага часу дзяцей рознага ўзросту, полу і ўзроўню развіцця, з другога – прастора для аздараўлення, развіцця мастацкай, тэхнічнай, сацыяльнай творчасці. Знаходзячыся ў лагеры, выхаванцы набывалі новыя веды, навыкі і жыццёвы вопыт. А дапамагалі ім у гэтым вучні групы педагагічнай накіраванасці, якія плануюць у будучыні выбраць прафесію педагога. Ужо ў першыя дні ў выхаванцаў прайшлі адкрыццё лагернай змены “Дзень добры, лагер “Непаседы!”, віртуальная экскурсія “Запаветнымі сцежкамі беларускай зямлі”, экспрэс-віктарына “Добрыя словы”, спартыўныя спаборніцтвы “Вясёлыя старты”. А наперадзе чакала наведванне кінатэатра “Юнацтва”, удзел у танцавальных батлах і забаўляльных конкурсах у маладзёжным цэнтры “Дэльта”.

Лагічным працягам летняга профільнага аздараўленчага лагера “Англійская без прыпынку” стаў анлайн-лагер “Англійская з задавальненнем” для пераможцаў II этапу раённай алімпіяды па англійскай мове. У анлайн-лагеры “EnjoyEnglish” у дзяцей адпачынак, забавы, віртуальныя экскурсіі, а таксама заняткі англійскай мовай праходзілі займальна. Канікулы – не час для сумных урокаў, гэта час зносін і весялосці, час для жывой мовы! Займаючыся англійскай мовай у нестандартнай форме і без хатніх заданняў, дзеці пашырылі слоўнікавы запас і прыкметна палепшылі навыкі зносін. А ў перыяд летніх канікул яны зноў сустрэнуцца ў маляўнічай мясцовасці на тэрыторыі Гнезнаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, дзе працягнуць падарожжа па праекце “GneznoBrandChat” (“Брэнд-ЧАТ Гнезна”).

Шэсць тэматычных дзён з цікавымі заданнямі розных творчых напрамкаў, прамымі эфірамі і тэмамі дня чакалі кожнага ўдзельніка анлайн-лагера “Чарадзеі”. Развіваць пазнавальную цікавасць да філалагічнай, мастацкай, прыродазнаўчай сфер адукацыі і пры гэтым знаёміцца з адукацыйнымі і забаўляльнымі магчымасцямі інтэрнэт-прасторы – адна з задач для падрастаючага пакалення.  

Першы дзень “Фарбы вясны” быў вельмі насычаным. Вучні здзейснілі анлайн-экскурсію ў Нацыянальны мастацкі музей, наведалі ўрок адкрыццяў “Пяшчоты – свята вясны і яркіх фарбаў”. На ўроку творчасці “Антыстрэс. Калейдаскоп сваімі рукамі” падлеткі адкрылі для сябе новы спосаб планавання дня.

Урокі майстэрства, відэазаняткі, майстар-класы накіраваны на развіццё камунікацыйных і творчых здольнасцей падлеткаў, інтэлектуальную дзейнасць, якія дапамагаюць акцэнтаваць увагу на пытаннях самаразвіцця, прафарыентацыйнага выбару.

З мэтай удзелу ў рэспубліканскай акцыі “Прыдзі і пакланіся”, патрыятычнага выхавання вучняў, захавання памяці пра абаронцаў Айчыны і ахвяр Вялікай Айчыннай выйны, падлеткі здзейснілі экскурсію ў мемарыяльны комплекс “Шавулічы”.

Канікулярны школьны парк забаў дапамог кожнаму выбраць занятак па інтарэсах і не пакінуў нікога абыякавым!

 

Тамара ВЛАДЫЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы №3 Ваўкавыска

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий