На Маларытчыне ў дыстанцыйнай форме прайшоў ХІІ раённы конкурс даследчых работ малодшых школьнікаў “Я – даследчык”. У заключным этапе інтэлектуальнага спаборніцтва ўдзельнічала 21 работа.
У трох секцыях вучні з 16 устаноў адукацыі Маларытчыны расказвалі пра мэты і задачы сваіх даследаванняў, абгрунтоўвалі іх актуальнасць, даказвалі гіпотэзы, прыводзілі аргументы, рабілі высновы. Самым юным даследчыкам аказаўся другакласнік Дзмітрый Пацук з Маларыцкай раённай гімназіі, які параўноўваў склад глебы дачнага ўчастка і грунту прэснаводнага вадаёма.
Іншых юных навукоўцаў цікавіла шырокае кола пытанняў. Так, некаторыя пісалі гісторыю сваёй установы адукацыі, высвятлялі адмоўны ўплыў кока-колы на здароўе чалавека, як жыве пчаліная сям’я, ці ўплывае ўнутраная энергія чалавека на рост раслін, засяроджвалі ўвагу на турыстычных аб’ектах Маларытчыны, адказвалі на пытанне “Як стаць Юліем Цэзарам?”, даказвалі карысць натуральнага мёду і павукоў, расказвалі пра тое, як вызначыць якасць мёду ў дамашніх умовах. Юныя даследчыкі высвятлялі таксама, як выкармліваць птушанят гарадской ластаўкі і вяртаць іх у прыроднае асяроддзе, выпякаць грачаны хлеб і якія вітаміны можна вырасціць на падаконніку.
Пераможцамі конкурсу сталі трэцякласнік Дзяніс Кулічык з Лукаўскай сярэдняй школы (кіраўнік Ірына Тарасюк), другакласнік Дзмітрый Пацук з Маларыцкай раённай гімназіі (кіраўнікі Вячаслаў Пацук і Валянціна Галюк), трэцякласніцы Хрысціна Ківачук і Марыя Северанюк з Мельніцкай базавай школы (кіраўнік Людміла Ківачук) і чацвёртакласніца Мілана Цішчанка з Ланской сярэдняй школы (кіраўнік Юлія Крэнь).
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
НА ЗДЫМКУ: самы юны ўдзельнік конкурсу Дзмітрый Пацук
Фота аўтара