І зацвіце сад Перамогі

- 14:13ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У сувязі з 76-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне на тэрыторыі КСУП “Гіркі”, дзе знаходзіцца Клайшанская базавая школа Воранаўскага раёна, быў пасаджаны яблыневы сад. Распрацаваны праект “Яблыневы сад”, які ўпрыгожыць прылеглую тэрыторыю могілак каля вёскі Лункі.

На вуліцах і ў дварах нашых вёсак шмат зялёных насаджэнняў, якія радуюць вока. Многія арганізацыі сваімі сіламі спрабуюць добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю. Навучэнцы нашай школы таксама не застаюцца ў баку, і многае робяць для гэтага.

Чаму абрана гэтае месца? Справа ў тым, што 6 мая 2012 года адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка на месцы пахавання расстраляных падчас Вялікай Айчыннай вайны Ядвігі Дрэзік і яе малалетніх дзяцей. А пачыналася ўсё са звычайнага праекта пад назвай “Ім так хацелася жыць”, які пачаў распрацоўвацца яшчэ ў 2007 годзе. Школьнікі-валанцёры пачалі пошукавую працу па вывучэнні ваенных пахаванняў на тэрыторыі нашага сельскага Савета. Даведаўшыся трагічную гісторыю сям’і Дрэзік, вырашылі знайсці магілу Ядвігі і яе дзяцей. Збіралі інфармацыю па крупінках у мясцовых жыхароў, сваякоў.

Як высветлілася, жанчына да вайны была актывісткай савецкай улады, таму вымушаная была са сваімі сынамі хавацца ад нямецкіх захопнікаў у сваякоў на хутары Лункі. Муж загінуў раней каля вёскі Роўбішкі. Аднойчы ноччу ў дом уварваліся нямецкія карнікі і загадалі ісці да лесу. Жанчына не чакала літасці для сябе, толькі ўмольвала пакінуць у жывых яе дзетак… Раніцай мясцовыя жыхары пахавалі Ядвігу і двух яе сыноў на могілках каля дарогі, якая вядзе ў Салтанішкі. Многія са старажылаў вёсак Слабодка, Навікі, Лункі і іншых да гэтага часу памятаюць добрыя справы жанчыны-актывісткі і сваім абавязкам лічаць захаваць светлую памяць пра яе і яе дзяцей. Па словах сваякоў, Ядвіга ў той час насіла пад сэрцам яшчэ адно дзіця, якое так і не ўбачыла гэты свет.

Кіраўніцтва КСУП “Гіркі” ў памяць пра гэтыя падзеі вырашыла закласці яблыневы сад. Перамога савецкага народа над фашысцкімі захопнікамі заўсёды асацыіруецца з велізарным пачуццём усенароднай радасці, гонару і шчасця, з водарам квітнеючых яблынь, якія, здавалася б, сама прырода падарыла народу-пераможцу як сімвал адраджэння і ўсенароднага свята. Яблыневы цвет – гэта сімвал вясны, адраджэння, пачатку новага жыцця, што выдатна перадае агульнанародную радасць розных пакаленняў у сувязі з Днём Вялікай Перамогі. Вобраз квітнеючага яблыневага саду адлюстроўвае ўрадлівасць, дабрабыт, дынамічнае развіццё, поспех і росквіт нашай краіны.

Вайна забрала жыцці нашых дзядоў, у старэйшага пакалення бацькоў, братоў і сясцёр. Бываюць падзеі, якія з часам сціраюцца з памяці народнай, становяцца здабыткам архіваў. Але ёсць падзеі, значэнне якіх з гадамі не толькі не памяншаецца, а, наадварот, з кожным новым дзесяцігоддзем набываюць асаблівую значнасць. Да такіх падзей адносіцца перамога нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. І мы, маладое пакаленне, павінны гэта памятаць, шанаваць памяць загінуўшых за нас, за наша мірнае неба. А пасадка яблыневага саду – гэта ўсяго толькі часцінка нашага вялікага абавязку перад подзвігам савецкага народа, перад тымі, хто склаў галовы ў гады ліхалецця і вынес на сваіх плячах цяжар вайны, хто даў магчымасць цяперашнім пакаленням жыць пад мірным небам.

 

Крысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий