Я выбіраю будучыню

- 16:34ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Менавіта так гучала тэма чарговага занятка факультатыўнага курса “Мая прафесійная будучыня” у 9-м класе Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы Свіслацкага раёна.

Мэта курса – аказанне інфармацыйнай падтрымкі вучням у развіцці прафарыентацыйнай кампетэнтнасці, фарміраванне станоўчых адносін да свядомага прафесійнага выбару, актывізацыя працэсу прафесійнага самавызначэння.

Занятак пачаўся з хвілінкі псіхалагічнага настрою, якая дапамагла навучэнцам атрымаць зарад станоўчых эмоцый і наладзіцца на плённую працу. Тэму занятка рабяты даведаліся, адкрываючы па чарзе словы і выконваючы пры гэтым заданні. Адкрыўшы першае слова “Я”, дзевяцікласснікі назвалі станоўчыя рысы свайго характару. Слова “выбіраю” навучэнцы склалі з рассыпаных літар і прывялі прыклады сітуацый з жыцця, калі ім даводзіцца выбіраць. Зрабілі выснову, што ў паўсядзённым жыцці з выбарам яны сустракаюцца пастаянна. Выбраўшы геаметрычную фігуру пэўнага колеру, кожны навучэнец атрымаў сваю псіхалагічную характарыстыку. Адкрыўшы трэцяе слова, вучні падабралі назоўнікі, якія вызначаюць, на іх думку, будучыню любога чалавека. Пасля абмеркавання пакінулі тры найбольш важныя і значныя: здароўе, сям’я, прафесія.

Затым дзевяцікласнікі вызначылі, якое значэнне для будучыні чалавека маюць здароўе, сям’я, прафесія. Працуючы ў парах, склалі і растлумачылі прыказкі пра здароўе. Важнасць сям’і ў жыцці чалавека вызначылі, аб’яднаўшыся ў групу. Кожны ўдзельнік падбіраў характарыстыку асобнаму члену сям’і, у выніку атрымаўся партрэт будучай сям’і.

Гаворачы пра значэнне прафесіі для будучыні чалавека, вучні 9-га класа пагадзіліся з меркаваннем, што выбар прафесіі – складаны і адказны крок у жыцці кожнага. Ад прадуманага выбару навучальнай установы і будучай прафесіі ў многім залежыць, як складзецца жыццё. Абмеркаваўшы праблему выбару прафесіі, прыйшлі да высновы, што трэба знайсці тую прафесію, у якой ты будзеш паспяховым, таму што ад гэтага залежыць будучыня.

Цікавасць выклікала заданне, у якім неабходна было суаднесці знешнія характарыстыкі людзей з іх прафесіямі.

Што дапамагае людзям дасягнуць поспеху ў жыцці? На гэтае пытанне вучні атрымалі адказ з прытчы “Усё ў вашых руках”.

Пры падвядзенні вынікаў занятка вучні атрымалі памяткі-рэкамендацыі па выбары прафесіі.

Несумненна, што факультатыў дапамагае навучэнцам задумацца пра выбар будучай прафесіі, адпаведнай яго запытам і інтарэсам.  

 

Ніна ТРАХІМІК,
настаўнік
Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий