Суботнік – гэта не толькі навядзенне парадку

- 23:03ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы прыняў актыўны ўдзел у правядзенні рэспубліканскага суботніка. Суботнік прайшоў на славу, надвор’е нарэшце падарыла нам сонечныя дні, і працоўны калектыў дашкольнай установы масава выйшаў, каб навесці парадак на сваёй тэрыторыі.

Правядзенне суботніка вясной стала ў нашай краіне добрай традыцыяй. Снег, які сышоў, адкрывае непрывабную карціну, і неабходна прывесці ўсё ў парадак. Разам гэта можна зрабіць вельмі хутка, і ўсяго за адзін дзень дружнай працы. Аднак правядзенне суботніка мае і яшчэ адзін бок, пра які часам забываюць. Суботнік – гэта выдатны спосаб узняцця карпаратыўнага духу, згуртавання калектыву, паляпшэння псіхалагічнага клімату, добрага настрою, пазітыўных эмоцый. Суботнік стварае ўмовы для нефармальных зносін і ўзаемадзеяння, наладжвання камунікацый, дазваляе калегам лепш пазнаць адно аднаго. Бо нішто так не аб’ядноўвае людзей, як сумесная праца для агульнай карысці.   

Было вельмі прыемна бачыць, з якой ахвотай і жаданнем адгукнуліся ўсе члены калектыву на заклік адміністрацыі прыняць удзел у суботніку.

У гэты дзень гучала музыка. Музыка дае настрой на працу, падтрымлівае энтузіязм людзей. Узброіўшыся рыдлёўкамі, граблямі і венікамі, мы выйшлі на генеральную ўборку нашага другога дома. З добрым запалам, весела і дружна ўсе разам мялі, граблі, збіралі смецце, не забываючы пры гэтым весела жартаваць і падбадзёрваць адно аднаго. Праца ва ўсіх спорылася, і час праляцеў незаўважна хутка.

 

У канцы прыемна было ўбачыць вынік – гэта прыгожая і дагледжаная тэрыторыя ўстановы. Былі ачышчаны газоны ад апалай лістоты, прыбраны сухастой, прыведзены ў парадак клумбы, агарод, спартыўная пляцоўка, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, праведзена рэвізія вулічнага абсталявання на ўчастках.

Кожны ўнёс у агульную справу часцінку сваёй працы. Вельмі важна, што дарослыя паказалі выдатны прыклад дзецям. Толькі ўласным прыкладам па прыродазберажэнні можна выхаваць сапраўдных грамадзян, якія беражліва адносяцца да навакольнага свету. Любоў да Радзімы, да роднага пасёлка пачынаецца менавіта з выхавання любові, павагі і правільных адносін да свайго дома, дашкольнага цэнтра.

Але праца па добраўпарадкаванні тэрыторыі на гэтым не завершаная. Педагогі працягваюць яе, вырошчваюць расаду для высаджвання на клумбы, распрацоўваюць міксбодзеры. Дзякуй, паважаныя калегі, за неабыякавасць да жыцця нашага дашкольнага цэнтра! Спадзяемся і надалей на цеснае супрацоўніцтва і поўнае паразуменне. 

 

Таццяна КАРАВАЙЧЫК
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий