Велікодны Дабравест

- 21:24БРЕСТЧИНА, Регионы

 

У пачатковых класах Начаўскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна прайшоў Велікодны тыдзень. Яго мэта – духоўна-маральнае выхаванне дзяцей праз вывучэнне асноў праваслаўнай культуры, развіццё творчых здольнасцей.   

Кожны дзень тыдня запрашаў да актыўнай дзейнасці, ствараў умовы для духоўнага, інтэлектуальнага і эмацыянальнага самавыяўлення. Вучні раскрывалі творчы патэнцыял, паказвалі камунікатыўныя ўменні, настаўнікі дэманстравалі прафесійны вопыт, бацькі стваралі кулінарныя шэдэўры.

Пачаўся тыдзень з урачыстай лінейкі. Кожны клас атрымаў маршрутны ліст і атрыбуты тыдня: кошык, куліч і 5 фарбаваных яек. Іх колькасць павінна была павялічвацца з дня ў дзень, што сведчыла пра актыўны ўдзел у мерапрыемствах.

Працягам дня стала выстава творчых работ “Велікодны Дабравест”. Мультфільм “Незвычайнае падарожжа Серафімы” запрасіў дзяцей у займальнае падарожжа. Завяршыўся першы дзень прэзентацыяй Бібліі для дзяцей.

Другі дзень быў не менш насычаным і цікавым. Святочны настрой не пакідаў вучэбныя кабінеты 1–4-х класаў. Было весела і пазнавальна! Першакласнікі прынялі ўдзел у майстар-класе студыі малявання “Куліч ды фарбаванка”. Дзеці з задавальненнем размалёўвалі велікодныя яйкі, удзельнічалі ў гульнях.

Кірмаш “Кулінарны шэдэўр” стаў самай яркай падзеяй другога дня. Ён суправаджаўся гульнямі і забавамі “Святло праваслаўя” і рознай кандытарскай выпечкай, якую ахвотна прадавалі вучні 2–4 класаў. На кірмашы былі прадстаўлены тарты, пірагі, піражкі, смятаннікі, кексы, абаранкі і нават бліны з начынкай.

Тыдзень захапляў дзяцей цікавымі казкамі і гісторыямі. У класных бібліятэках з’явіліся зборнікі “Велікодныя казкі”, чыталіся казкі “Чырвоная шыйка”, “Хлопчык і сінічка”, “Пра куранятка”, “Пра велікоднага труса”. Сустрэча з казкай прынесла шмат радасці і добрых уражанняў.

Інфармацыйная гадзіна “Гісторыя пра першае чырвонае яйка” праходзіла з выкарыстаннем ІКТ. Вучні паглядзелі відэафільм “Велікодныя традыцыі розных краін свету”.

Гісторыю малой радзімы прадоўжыў інфармацыйны праект “Ляхавічы праваслаўныя”, падрыхтаваны чацвёртакласнікамі. Яны азнаёмілі равеснікаў з храмамі раёна і духоўным заступнікам Ляхавіччыны.

Даволі запамінальным аказалася слуханне велікоднага звону.

Вучні ўдзельнічалі ў конкурсе “Каліграф”, акцыі “Чысты чацвер”, гульнях-падарожжах “Вялікдзень – светлае свята” і “Велікодная радасць”, падчас якіх падарожнічалі на караблі ад вострава Надзеі да вострава Веры, ад вострава Міласэрнасці да вострава Любові, ад вострава Пакорлівасці да вострава Радасці.

На ўрачыстай лінейцы былі падведзены вынікі, вызначаны і ўзнагароджаны граматамі самыя актыўныя ўдзельнікі.

 

Рыма ІВАНОЎСКАЯ,
кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання
настаўнікаў пачатковых класаў
Начаўскай сярэдняй школы
Ляхавіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий