У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання талерантнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу праз арганізацыю прадуктыўнага ўзаемадзеяння з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця” на базе дапаможнай школы Магілёва прайшоў незвычайны майстар-клас.
Мастар-клас па вырабе аплікацыі з непрыдатнага матэрыялу “Супер-піца” правяла маці “асаблівага” дзіцяці, мастак і творчая асоба, Лідзія Васільеўна Трызонава. А яго ўдзельнікамі сталі не толькі вучні нашай установы, але і навучэнцы сярэдняй школы № 4 Магілёва.
Працуючы з разнастайным матэрыялам і ўжываючы розныя тэхнікі, дзеці актыўна і з захапленнем удзельнічалі ў творчым працэсе. Старшакласнікі дапамагалі малодшым, ва ўсіх быў добры настрой і станоўчыя эмоцыі.
Лідзіі Васільеўне як мастаку, як маме вельмі важна было назіраць за ўзаемаадносінамі паміж удзельнікамі майстар-класа, бо сярод іх была і яе дачка Соня. На сваёй старонцы ў Instagram Лідзія Васільеўна падзялілася ўражаннямі ад праведзенага майстар-класа: “Для мяне гэта быў цудоўны і неверагодны вопыт. Я вяла творчы занятак талерантнасці ў класе маёй дачкі. Сэнс такіх заняткаў у тым, каб інтэграваць дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў грамадства, а грамадству бачыць у любым чалавеку АСОБУ і прыняць яго такім, які ён ёсць. Я думаю, што мастацтва здольна аб’ядноўваць усіх”.
Галоўнай задачай такіх мерапрыемстваў з’яўляецца ўзаемадзеянне звычайных дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі развіцця з дапамогай сумеснай творчай дзейнасці. Менавіта ў актыўным узаемадзеянні магчыма фарміраванне сапраўднай талерантнасці. Дзеці становяцца больш памяркоўнымі ў адносінах адно да аднаго, вучацца ўспрымаць “асаблівых” аднагодкаў як звычайных членаў грамадства. А ўключанасць дзяцей з асаблівасцямі ў творчы працэс павышае іх вопыт зносін, фарміруе навыкі камунікацыі ў розных ролевых і сацыяльных пазіцыях.
Фарміраванне талерантнасці ва ўстановах адукацыі – задача, якую неабходна вырашаць сёння ў першую чаргу. Найбольш эфектыўнай гэтая работа стане толькі тады, калі будзе весціся з дзяцінства, калі ў гэтым будуць удзельнічаць і педагогі, і навучэнцы, і бацькі.
Марыя НАВАЖЫЛАВА,
выхавальнік групы падоўжанага дня
дапаможнай школы Магілёва
Поделиться ссылкой:
- ВКонтакте
- РћРТвЂВВВВВВВВнокласснРСвЂВВВВВВВВРєРСвЂВВВВВВВВ
- Viber
- Skype
- Telegram