У Воранаўскім раёне юнакі сустрэліся на раённых спаборніцтвах па міні-футболе. У Воранава прыехалі дзесяць каманд сярэдніх школ, якія змагаліся за званне лепшых на дзвюх міні-футбольных пляцоўках з сучасным пакрыццём.
Радунская комплексная міні-футбольная пляцоўка прыняла пяць каманд базавых сярэдніх школ. Добры настрой падарыла ў гэты дзень і вясновае сонца. Хлопцы ўдосталь паганялі мяч, прадэманстравалі свае навыкі і ўменні.
Каманды, лепшыя ігракі і варатары адзначаны дыпломамі аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама.
Вялікім і прыемным сюрпрызам для каманд базавых школ стала ўзнагароджанне прызераў гульняў атрыбутыкай Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. З 2019/2020 навучальнага года на базе Радунскай сярэдняй школы рэалізаваны рэспубліканскі праект “Мой школьны футбольны клуб”, арганізаваны Асацыяцыяй “Беларуская федэрацыя футбола” сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам фізічнага выхавання і спорту пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У рамках праекта ўстанова адукацыі атрымлівае атрыбутыку АБФФ для правядзення спаборніцтваў рознага ўзроўню.
Сённяшнія спаборніцтвы не сталі выключэннем – каманды-прызёры атрымалі медалі, дыпломы і кубкі. Каманда-пераможца ў падарунак атрымала яшчэ і футбольныя мячы, лепшы ігрок – статуэтку.
Дзякуй настаўнікам і ўдзельнікам спаборніцтваў за цікавую гульню!
Рэгіна ФРАНСКЕВІЧ,
метадыст
Воранаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета