Дабрачынны кірмаш да Міжнароднага дня сям’і

- 16:23ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У Правамастоўскай сярэдняй школе Мастоўскага раёна ёсць свае выдатныя традыцыі. Адна з іх – штогадовы дабрачынны кірмаш, які звычайна прымеркаваны да Міжнароднага дня інваліда, але сёлета з-за эпідэміялагічных абставін ён адбыўся напярэдадні Міжнароднага дня сям’і.

На вучнёўскім савеце, дзе прысутнічалі старэйшыя акцябраты, піянеры і прадстаўнікі БРСМ, члены маладзёжнага парламента, мы думалі, як цікава правесці Міжнародны дзень сям’і, каб задзейнічаць усіх: дзяцей і дарослых, бацькоў і жыхароў нашай мясцовасці. Нечакана ўспомнілі пра наш кірмаш, які не адбыўся своечасова, і вырашылі прапанаваць усім правесці яго ў маі.

Усе радасна сустрэлі ініцыятыву, і закіпела работа. Спраў было шмат ва ўсіх, вырашылі разнастаіць наш звыклы кірмаш новаўвядзеннямі: правядзеннем майстар-класаў, канцэртнай праграмай.

Кожны класны калектыў распрацоўваў свой праект гандлёвага месца з назвай, афармленнем і творчым тэатралізаваным прадстаўленнем. Рэдакцыя школьнай газеты занялася рэкламай і распаўсюджваннем яе. У сем’ях абмяркоўвалася меню кулінарных і здобных вырабаў, іншых відаў прадукцыі для гандлю. Адміністрацыя запрасіла гасцей, майстроў, гатовых правесці свае майстар-класы, калектыў Правамастоўскага ЦДіК для правядзення сумеснай канцэртнай праграмы, карэспандэнта раённай газеты “Зара над Нёманам”. Напярэдадні кірмашу адбылося сумеснае пасяджэнне апякунскага і вучнёўскага саветаў, на якім усе вырашылі выдаткаваць заробленыя сродкі для правядзення акцыі “Дарым радасць” для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага прытулку, на набыццё падарункаў дзецям-інвалідам да Міжнароднага дня абароны дзяцей, на набыццё валейбольных мячоў для дзяцей і на добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Усе мы з’яўляемся ўдзельнікамі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця лідарскай пазіцыі ўстановы адукацыі ў сацыякультурнай прасторы аграгарадка”.

І вось надышоў доўгачаканы час кірмашу! Па калідорах хадзілі дзеці, іх бацькі, бабулі, класныя кіраўнікі. Як па ўзмаху чароўнай палачкі, нечакана хутка паўсталі гандлёвыя рады са сваімі “абрусамі-самабранкамі”, якія ў імгненне вока запоўніліся рознымі смачнасцямі. Чаго тут толькі не было: тарты і пірагі, жэле і плюшкі, пончыкі, ватрушкі, хрушчы і піражкі, сала, садавіна і гародніна, марынады, рассада кустоў і гаршковыя кветкі, разнастайнае печыва, цацкі і вырабы, і нават хлеб хатняй выпечкі. Усяго і не пералічыць.

Да нас прыйшлі шматлікія госці, сярод якіх былі старшыня Мастоўскага сельвыканкама, педагогі з эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, Правамастоўскага дзіцячага сада, святар мясцовага храма, карэспандэнты раённай газеты, работнікі ЦДіК, загадчыца сельскай медыцынскай амбулаторыі, работнікі Курылавіцкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, прадстаўнікі базавай гаспадаркі ААТ “Мастаўчанка”, былыя выпускнікі школы і проста аднавяскоўцы, якія пажадалі набыць што-небудзь на кірмашы, падтрымаць нас, паўдзельнічаць у майстар-класах, паслухаць канцэрт.

У апошнюю хвіліну месцы ў гандлёвых радах занялі хлопцы і дзяўчаты, пераапранутыя ў касцюмы. Незалежнае журы з ліку гасцей на чале з кіраўніком установы адкрылі кірмаш. Кожны класны калектыў прадстаўляў сваё гандлёвае месца творчым выступленнем. Дзеці спявалі і танцавалі, вершамі і прозай распавядалі пра сябе, заклікалі пакупнікоў, прапаноўвалі дэгустацыю свайго тавару.

Лёгкі шумок казаў пра тое, што ўсе з нецярпеннем чакаюць пачатку гандлю, бо некаторыя пакупнікі ўжо нагледзелі для сябе тавар. І вось дадзены дазвол на продаж. Усе прыкметна ажывіліся, выбіралі, куплялі. Асабліва ажыўлена было каля гандлёвых сталоў пачатковай школы, дзе ўсе малыя са сваімі класнымі і бацькамі аб’ядналіся ў адну гандлёвую каманду і стараліся хутчэй распрадаць прадукцыю, прыгатаваную больш мамамі, чым імі самімі. На працягу гадзіны ўвесь тавар быў прададзены. Наведвальнікам было радасна ад пакупак, а дзецям яшчэ і ад продажу.

Усе жадаючыя змаглі паглядзець канцэрт, прыняць удзел у майстар-класах. Педагогі эколага-біялагічнага цэнтра правялі майстар-класы для малых па папяровым канструяванні ў тэхніцы арыгамі, па мылаварэнні. Хлопцам і дзяўчатам старэйшага ўзросту і дарослым было прапанавана зрабіць крэатыўныя букеты.

Сярод дзяцей і дарослых нашы школьныя карэспандэнты на працягу кірмашу праводзілі экспрэс-апытанне. Да кірмашу мы спыталі ў вучняў, як яны рыхтаваліся і чаго чакаюць увогуле. Адказы былі падобныя: усе класы дружна працавалі над сваімі праектамі, старанна рыхтавалі ўсёй сям’ёй кулінарныя вырабы, прыйшлі з радасным настроем, чакаюць добрых продажаў і выручкі, разлічваюць на прызавое месца. Бацькі распавялі нам, як разам са сваімі дзецьмі цэлы вечар працавалі на кухні і рады таму, што падрыхтоўка да кірмашу змяніла іх звычайны вечар, зрабіла яго творчым, вясёлым, і сем’і правялі час у цесным кантакце са сваімі дзецьмі. Дзякавалі за падоранае сямейнае свята.

Ад гасцей мы пачулі толькі самыя станоўчыя водгукі пра кірмаш, майстар-класы і канцэрт. Дырэктар ЭБЦ Кацярына Рэкуць адзначыла, што ёй “вельмі спадабалася, зрэшты, як і заўсёды на кірмашы”, і яна шмат купіла, імкнучыся падтрымаць усіх вучняў. Для загадчыцы сельскай амбулаторыі Надзеі Кухлей наведванне школьнага кірмашу было ўпершыню, і яна казала пра тое, што ў яе школа асацыіруецца з цішынёй, званкамі і ўрокамі, а тут, адкрыўшы дзверы, адчула нязвыклыя водары, убачыла зусім іншую атмасферу, дзе ўсе побач: дзеці, бацькі, настаўнікі.

Людміла Рагацэвіч, старшыня сельвыканкама сваім водгукам падагульніла станоўчыя выказванні ўсіх: “Мне вельмі спадабалася мерапрыемства, яго накіраванасць. Я думаю, што такая сумесная справа ўяўляе сабой сапраўднае свята, гуртуе сям’ю ўнутры і адначасова аб’ядноўвае сям’ю і школу”.

Я зазірнула ў класы і пацікавілася, з якім настроем дзеці пойдуць дадому. Аказалася, што з добрым настроем і прыемнымі ўражаннямі. Яны засталіся задаволеныя мерапрыемствам і заробленай выручкай. Вядома ж, усе ў чаканні агульнашкольнай лінейкі, якая адбудзецца на наступным тыдні, дзе будуць узнагароджаны пераможцы. А піянеры-пяцікласнікі дружна абвясцілі, што ўжо з нецярпеннем чакаюць наступны кірмаш, бо яны ўжо самастойныя і ўпершыню прадстаўлялі свой асобны калектыў.

 

Галіна ДРАВІЦА,
педагог-арганізатар
Правамастоўскай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий