На працягу навучальнага года навучэнцы 1 “А” і 1 “Б” класаў Іўеўскай сярэдняй школы наведвалі факультатыў “Роднае слова”. Выніковым факультатыўным заняткам стала свята “Роднае слова”.
Першакласнікі мелі магчымасць прадэманстраваць набытыя веды па беларускай мове ў конкурснай праграме. За ходам конкурснай гульні сачыла паважанае журы: настаўнікі пачатковых класаў Г.М.Кучмэйна і І.І.Станчык. Навучэнцы прыдумалі назву і дэвіз для сваіх каманд. Гэта быў першы конкурс, і абедзве каманды справіліся з гэтым заданнем выдатна.
Заданне наступнага конкурсу заключалася ў тым, што камандам трэба было па чарзе называць традыцыйныя беларускія словы этыкету – ветлівыя словы. Гэты конкурс дапамог зразумець, што навучэнцы засвоілі лексіку маўленчай этыкі і вельмі добра валодаюць ветлівымі словамі, якія гавораць пры сустрэчы і развітанні. Вучні ўмеюць прасіць прабачэння і выражаць словы падзякі.
У наступным конкурсе “Выпраў памылкі” на слайдах былі напісаны двух- ці чатырохрадкоўі, дзе трэба было замяніць два ці больш слоў, якія не адпавядалі сэнсу. Гэта заданне таксама было вельмі цікавым.
Наступны конкурс быў прысвечаны раздзелу “Слова ў гульні”, дзе дзеці ўспомнілі такія жанры народнай творчасці, як пацешкі і забаўлянкі. Конкурсную праграму працягнуў яшчэ адзін жанр вуснай народнай творчасці – калыханка. Каманды назвалі асаблівасці гэтага жанру. Дзеці змаглі пабыць у ролі “бацькоў” і пад калыханку Ядзвігі Паплаўскай “клалі ў ложак” свае любімыя цацкі, якія прынеслі з дому. А затым абедзве каманды праспявалі народную калыханку “А ты, коцінька-каток”, тэкст якой яны вывучылі на факультатыўных занятках.
У наступным конкурсе гледачы змаглі прадэманстраваць свае ўменні ў адгадванні загадак, а каманды атрымалі асобныя лісты з заданнямі. Іх чакаў конкурс “Адгадай рэбус”. Не абышлі і такі жанр вуснай народнай творчасці, як прыказка. Адзін з конкурсаў меў назву “Пазнай прыказку па малюнку”.
Спадабаўся дзецям і апошні конкурс, дзе ім трэба было размаляваць вясёлку. Каманды з задавальненнем назвалі словы на беларускай мове для запамінання назваў колераў вясёлкі: “Чароўны аловак жаданне здзейсніць, бо сам фантазёр”.
Праводзіліся гульні і з гледачамі. На слайдзе быў змешчаны верш Васіля Віткі і асобна словы ветлівасці, якія трэба было дагаварыць. Гэта заданне вельмі спадабалася вучням.
Журы падвяло вынікі конкурснай праграмы. Кожны ўдзельнік свята атрымаў грамату. Пасля мерапрыемства ў дзяцей засталіся найлепшыя ўражанні.
Святлана ЖЫТКО,
настаўнік пачатковых класаў
Іўеўскай сярэдняй школы