Экалагічная сцежка ў яслях-садзе № 11 Навагрудка – спецыяльна абсталяваны маршрут, які праходзіць праз розныя прыродныя аб’екты на тэрыторыі ўстановы, што дазваляе вырашаць пазнавальныя, адукацыйныя, развіваючыя, выхаваўчыя і аздараўленчыя задачы.
Экалагічная сцежка разлічана як на арганізаванае праходжанне з групай дзяцей па маршруце, так і на працу з выхаванцамі на асобных станцыях. Тэматыка пазнавальна-практычнай дзейнасці, якая праводзіцца на экалагічнай сцежцы, разнастайная і залежыць ад мэт працы і ўзросту дзяцей.
Асноўнымі відамі дзейнасці дзяцей падчас прагулак на сцежцы з’яўляюцца гульня, эксперымент і назіранне. Дзеці набываюць навыкі арыентавання ў прасторы і часу, у іх развіваюцца памяць, гаворка, мысленне. Праца на сцежцы спрыяе выхаванню ў дзяцей працавітасці і павагі да працы, умацоўвае сувязь адукацыі з жыццём. Дашкольнікі пашыраюць свае прыродазнаўчыя веды, а таксама атрымліваюць уяўленне пра стаўленне чалавека да навакольнага асяроддзя ў працэсе працы і адпачынку. Яны развіваюць у сабе здольнасць комплексна ацэньваць вынікі працы, рабіць прагнозы датычна экалагічных наступстваў дзейнасці чалавека. Але самай важнай праявай сувязі навучання з жыццём з’яўляецца ўдзел дзяцей у дзейнасці па паляпшэнні агульнага стану прыроды ў зоне экалагічнай сцежкі.
Такім чынам, стварэнне экалагічнай сцежкі дапамагае гуманізаваць адукацыю. Усе веды, уменні, навыкі, перакананні, пачуцці, якія фарміруюцца ў ходзе заняткаў на экалагічнай сцежцы, накіраваны на рашэнне галоўнай задачы нашага часу – фарміраванне экалагічнай культуры асобы.
Алёна ГРЫЦ,
выхавальнік
ясляў-сада № 11 Навагрудка