Тэматычны тыдзень “Хатнія жывёлы” у дашкольнай групе  

- 12:45ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У дашкольнай групе інтэграванага навучання і выхавання Дварчанскага дзіцячага сада – базавай школы Свіслацкага раёна праходзіў тэматычны тыдзень Хатнія жывёлы, які дазволіў паглыбіць і сістэматызаваць веды дзяцей па гэтай тэме.

Усе віды дзейнасці былі аб’яднаныя, таму былі цікавымі для дзяцей усіх узростаў. На працягу тыдня дзеці абмяркоўвалі такія тэмы, як “Для чаго нам патрэбныя хатнія жывёлы?”, “Як правільна даглядаць за хатнімі жывёламі?”, “Чаму нельга гладзіць чужога сабаку?”, “Сабака – сябар чалавека”.

Дашкольнікі з цікавасцю разглядалі малюнкі, адгадвалі загадкі, “шукалі” дзіцянятаў, удзельнічалі ў дыдактычных гульнях “Знайдзі маму”, “Хто згубіўся?”, “Каму што трэба?”, “Хто дзе жыве?”, “Чый хвост?”, “Хто лішні?” і інш. Выхаванцы групы інтэграванага навучання і выхавання ахвотна гулялі ў рухомыя гульні “Кот і мышы”, “Кудлаты сабака”, “Конікі”, слухалі рускія народныя казкі “Бычок – смаляны бачок”, “Зімоўе”. Вялікая ўвага надавалася і мастацка-эстэтычнай працы: дзеці малявалі, размалёўвалі, ляпілі, выконвалі танцавальныя практыкаванні, якія імітуюць рухі жывёл.

Вынік тэматычнага тыдня падвяла забаўлянка “У гасцях у бабулі Арыны”. Дзве каманды “Разумнікі” і “Знайкі” спаборнічалі ва ўменні разгадваць загадкі, складаць апісальныя апавяданні, падбіраць прыметы і дзеянні да кожнай жывёлы, імітаваць рухі хатніх жывёл і інш.

У памяць пра тэматычны тыдзень дзеці панеслі з сабой выдатны настрой і аплікацыю “Вясёлая авечка”, якую зрабілі самі, асвоіўшы нетрадыцыйную тэхніку аплікацыі.

 

Аксана СЦЕПАНЧУК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Дварчанскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий