Вучні 3 “А”, 3 “Б” і 4 “Д” класаў сярэдняй школы № 4 Дзяржынска ў суботні дзень адправіліся ў Дукорскі маёнтак. Юных падарожнікаў чакала вандроўка ў мінулае.
Дзеці з задавальненнем акунуліся ў гісторыю мястэчка Дукора, якая сыходзіць сваімі каранямі ў літоўскае сярэднявечча і шляхетнае мінулае. На жаль, на гэты момант ад вялікага палаца нічога не засталося, але ў музеі маёнтка юныя вандроўцы пазнаёміліся з жыццём нашых продкаў. Убачылі касцюмы, якія насілі на Беларусі ў эпоху Рэнесансу, зброю, музычныя інструменты і яшчэ шмат цікавага, пра што звычайна не пішуць у падручніках па гісторыі.
Знаёмства з комплексам пачалося з брамы, а пасля дзеці адразу трапілі ў стайню, дзе ўбачылі фаэтон і весела прамчаліся на брычцы. Прайшліся па вуліцы майстроў, дзе паназіралі за працай самабытных майстроў і набылі на памяць іх вырабы: лялькі-мотанкі, гліняныя збаночкі, духмяныя свечкі і кованыя ўпрыгожванні.
Не абышлося і без драўлянай зброі. Здаецца, што кожны хлапчук захацеў адчуць сябе сапраўдным воінам. Амаль кожны набыў арбалет ці лук, булаву ці сякеру. На гэта, напэўна, паўплывала імправізаванае паляванне на дзіка. Цудоўны пан Сліўка, які ўвесь час суправаджаў нашых падарожнікаў, дазволіў кожнаму патрымаць і зрабіць фотаздымак з сярэднявечнай зброяй, папасці дзідай у драўляную мішэнь.
Нашы вучні былі не толькі паляўнічымі, але і сапраўднымі воінамі. Усе, нават дзяўчынкі, змаглі прыняць бой. Гэта быў сапраўдны чэлендж. Мы даведаліся, хто з нашых вучняў самы спрытны, хуткі і моцны. Эмоцыі зашкальвалі, а пераможны кліч чула ўся Дукора.
І, нарэшце, галоўная іскрынка комплексу – дом-пярэкрут. Гэта двухпавярховы будынак, які не толькі перавернуты ўніз дахам, але і стаіць пад нахілам. Так нашы дарослыя, захапляючыся дываном, пыласосам, канапай над галавой, адразу адчулі лёгкае галавакружэнне. А юныя вандроўцы весела бегалі па пакоях, паспяваючы рабіць фотаздымкі.
Але на гэтым вандроўка не скончылася. Падарожнікі яшчэ наведалі невялікі заасад, дзе ўбачылі хатніх птушак, козак і страўсаў. Насупраць заасада мы абдымалі 400-гадовы дуб жаданняў. Калі верыць мясцовым жыхарам, то дастаткова загадаць жаданне і пакінуць дубу сімвалічную суму грошай дзеля таго, каб яно споўнілася. Так мы і зрабілі. Як кажуць, пажывём – пабачым. А завяршылася дукорскае падарожжа наведваннем вялікай экспазіцыі савецкіх аўтамабіляў і матацыклаў.
Вось так весела, эмацыянальна, пазнавальна і вельмі цікава прайшоў наш шосты школьны дзень.
Юлія ЗМАЧЫНСКАЯ
настаўнік-дэфектолаг
сярэдняй школы № 4 Дзяржынска