Дапамога ў выбары будучай прафесіі  

- 20:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У рамках прафарыентацыйнай адукацыі вучні cярэдняй школы № 3 Навагрудка наведалі Навагрудскі завод металічных вырабаў і Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж.

Што ўплывае на выбар прафесіі, якія фактары? Нярэдка схільнасці падлеткаў улічваюцца ў апошнюю чаргу. А вось думка бацькоў адыгрывае вялікую ролю. Таму немалаважнае месца ў школе займае прафарыентацыйная работа. Нядаўна нашыя вучні наведалі Навагрудскі завод металічных вырабаў.

Вучні даведаліся, што гэта прадпрыемства трывала замацавалася на рынку. Яго спецыялісты даўно працуюць у сферы добраўпарадкавання тэрыторый; вырабы, якія выпускае завод, адрозніваюцца не толькі трывалым выкарыстаннем, але і прыгожым знешнім выглядам. Прадукцыя прадпрыемства мае высокую якасць. Навагрудскі завод металічных вырабаў – гэта надзейны партнёр, які выконвае ўсе свае абавязкі, мае шмат узнагарод.

У час экскурсіі вучні ўбачылі новае прэсавае і гібачнае абсталяванне з праграмным забеспячэннем. Майстры сваёй справы прадэманстравалі выпуск агароджы з павышанай трываласцю, якая складаецца з панэльных секцый, слупоў і элементаў для замацавання. Усё на прадпрыемстве аўтаматызавана, за абсталяваннем назіраюць працаўнікі завода.

Экскурсія па заводзе прайшла цудоўна, цікава і пазнавальна. Вучні паспелі ўсё: і паглядзець, і даведацца, і задаць пытанні, і пазнаёміцца з рознымі прафесіямі. Парадавалі ўважлівыя адносіны да кожнага наведвальніка прадпрыемства.

Наступная пляцоўка для прафарыентацыі – Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж. Таццяна Любко арганізавала для вучняў экскурсію па каледжы, расказала пра стварэнне гэтай навучальнай установы, пазнаёміла прысутных з галерэяй працоўнай славы. Вучні даведаліся пра навучанне ў каледжы і спецыяльнасці, якія можна набыць. Таксама экскурсавод паведаміла пра навуковую і інавацыйную дзейнасць навучэнцаў. Цікава было пачуць, што кожны, хто вучыцца ў каледжы, мае сацыяльныя гарантыі: засяленне ў інтэрнат, даплата да стыпендыі за ўдзел у спартыўнай і культурна-масавай дзейнасці каледжа, забеспячэнне садавінай і агароднінай на ўвесь перыяд навучання. А як цікава і весела распавядалі нам пра студэнцкае жыццё! У каледжы ладзяцца культурныя мерапрыемствы, існуе вялікая колькасць аб’яднанняў па інтарэсах, спартыўных секцый. Удзельнікі экскурсіі накіраваліся і на ўчастак вучэбнай гаспадаркі. Менавіта тут здзівілі сваімі дарамі яблыні і грушы, пасаджаныя і дагледжаныя навучэнцамі каледжа. А напрыканцы экскурсіі вучні наведалі аўтадром.

Вось такія экскурсіі, якія арганізоўваюцца на прадпрыемствы, у навучальныя ўстановы дапамагаюць выяўляць у школьнікаў прафесійныя схільнасці, даюць магчымасць вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.

 

Зоя БЕЛУШ,
класны кіраўнік 9 “А” класа
cярэдняй школы № 3 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий