“Восеньскі мікс”: дзень за днём у школьным лагеры

- 15:37ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Школьны аздараўленчы лагер “Восеньскі мікс” працаваў падчас канікул у Валеўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна.

Першы дзень самы адказны: трэба выбраць назву атрада, дэвіз і песню. А яшчэ аформіць атрадны вугалок. Хочацца, каб ён быў пазітыўны і яркі, як першы лістападаўскі дзянёк. Настрой выдатны, і хаця дзеці ведаюць адно аднаго, гульня-знаёмства прайшла ажыўлена і весела.

Ці добра ведаюць рабяты сімволіку краіны, у якой яны жывуць, вучацца, дзе працуюць іх бацькі. Адказ на гэта пытанне дала гутарка “Сімвалы маёй Беларусі”. Пытанні не выклікалі разгубленнасці, было відаць, што вучні ставяцца да такіх ведаў сур’ёзна, нават першакласнікі праявілі глыбінную зацікаўленнасць.

А які ж адпачынак без гульняў і спаборніцтваў? Сваю фізічную форму прадэманстравалі рабяты падчас спартландыі “Дужыя, спрытныя, смелыя”.

Другі дзень у лагеры быў святочны. З самай раніцы рабяты рыхтаваліся да лінейкі: вучыліся здаваць рапарт, дружна гаварыць назву і дэвіз атрада, правільна выконваць каманды “Раўняйся”, “Смірна”, “Вольна”. Права падняць сцяг даверылі самым актыўным удзельнікам праведзеных спраў. Пахмурнае надвор’е не сапсавала настрой – дзеці актыўна ўключыліся ў “час зносін” “У свеце дабра і зла”, на якім вучыліся аналізаваць і выказваць адносіны да сваіх учынкаў і ўчынкаў другіх людзей, быць пазітыўнымі і добразычлівымі. Старэйшыя вучні адказалі на пытанні анкеты “Ці добры ты чалавек?”.

Хвілінка здароўя “Чыстыя і брудныя рукі” па прафілактыцы мікраспарыі прайшла ў форме практыкума. Усе да аднаго паабяцалі пільна сачыць за чысцінёй рук, заўжды выконваць правілы гігіены.

Большасць рабят, якія адпачываюць у лагеры, выхоўваюцца ў сем’ях, дзе размаўляюць на так званай “трасянцы” – сумесі беларускай і рускай моў. Гэта прыводзіць да інтэрферэнцыі (“засмечанасці”) мовы. Барацьбе з гэтай з’явай быў прысвечаны конкурс эрудытаў “Гаворым па-беларуску”. Дзве каманды змагаліся за тытул “Лепшыя мовазнаўцы”: адгадвалі загадкі, інсцэніравалі вершы, перакладалі словы і нават складалі апавяданні. Перамагло, вядома ж, сяброўства!

Раскрыць свае таленты рабяты змаглі падчас канцэртна-забаўляльнай праграмы, прысвечанай адкрыццю лагернай змены. А ствараць прыгожыя рэчы сваімі рукамі вучыліся на майстар-класах “Умелыя ручкі”.

“Дзень сакрэтаўі адкрыццяў” – такой была тэматыка трэцяга дня ў лагеры. Першае, што адкрылі для сябе рабяты, – ад інфекцыі можна засцерагчыся. На хвілінцы здароўя даведаліся пра розныя відах інфекцый, прычыны ўзнікнення эпідэмій, механізмы перадачы хвароб, а самае галоўнае – пра спосабы абароны ад інфекцыйных захворванняў і іх прафілактыку.

Вельмі цікава прайшлі заняткі ў “Школе этыкету”. Добрыя манеры дзеці засвойвалі ў гульнёвай форме, праігрываючы зададзеныя сітуацыйныя заданні. Выкарыстоўваліся літаратурныя творы ( “Шкодныя парады” Г.Остэра і інш.). Гэта стварыла даверлівы эмацыянальны фон, спрыяла адкрытасці і непасрэднасці пачаткоўцаў.

Дзе яшчэ можна знайсці тайны? Вядома ж, у прыродзе! “Маленькія сакрэты вялікай прыроды” называлася інтэлектуальна-пазнавальная гульня, падчас якой дзяцей чакалі віктарыны і конкурсы. Абмеркаванне адказаў праходзіла калектыўна, што развівала навыкі каманднай працы, выхоўвала культуру зносін.

Цікавы кінафільм паглядзелі, а напрыканцы дня правялі гульнёвую праграму “Мы такие разные, но все мы очень классные!”. Апошнімі адкрыццямі дня былі: “У сяброўстве сіла! Разам вельмі весела!”.

Адпачынак у лагеры – магчымасць умацаваць здароўе, аднавіць сілы і пачаць другую чвэрць з выдатным настроем.

 

Жанна БРАНІЦКАЯ,
намеснік дырэктара аздараўленчага лагера “Восеньскі мікс”
пры Валеўскім дзіцячым садзе – сряэдняй школе
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий