Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў у сярэдняй школе № 4 Дзяржынска з навучэнцамі 3-х класаў была праведзена гульнявая праграма “Свет без межаў”.
Асветніцкія мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня інвалідаў, штогод праводзяцца сярод навучэнцаў і педагогаў школы. Настаўнікі-дэфектолагі рыхтуюць інфармацыю для дзяцей, каб фарміраваць у іх уяўленне пра “асаблівых людзей”. Знаёмяць з некаторымі праблемамі людзей-інвалідаў, развіваюць пачуццё сімпатыі да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, фарміруюць уяўленне пра здароўе як каштоўнасці чалавечага жыцця, выхоўваюць пачуццё адказнасці за сваё здароўе, здароўе сваіх блізкіх.
У пачатку сустрэчы вучні паглядзелі відэаролік “Мы проста іншыя” (https://vk.com/video101723340_163874866) пра дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, пра іх нялёгкае жыццё і талерантныя адносіны, закліканне да міласэрнасці і разумення. У ходзе далейшай гутаркі ўсім вучням нагадалі пра дасягненні людзей, якія першапачаткова пастаўлены ў значна больш цяжкія ўмовы, чым большасць з нас. А ў конкурсных спаборніцтвах хлапчукі і дзяўчынкі паспрабавалі адчуць тое ж, што адчуваюць дзеці, якія не заўсёды нават могуць сябе абслужыць. Ім цяжка самім апрануцца, прымаць ежу, гуляць, чытаць, спяваць, а некаторым нават перасоўвацца. На шчасце для нашых дзяцей гэта была ўсяго толькі гульня. Але ўсе яны аднагалосна пагадзіліся, што вельмі цяжка з’есці шакаладку без рук, прайсці да запаветнай цукеркі, не бачачы дарогі, намаляваць хатку, трымаючы аловак зубамі. Нават танчыць толькі аднымі рукамі таксама нявесела, а весела, калі ты здаровы і можаш бегаць, скакаць, бачыць і чуць.
Напрыканцы вучні прыклеілі папяровыя яблыкі на дрэва жаданняў, на якіх напісалі пажаданні дабрыні ўсім людзям.
Праз усю гульнявую праграму прасочвалася адна тэма – людзі з абмежаванымі магчымасцямі не горшыя і не лепшыя за нас. Яны проста іншыя. І вельмі важна паважаць іх, нягледзячы на адрозненні, быць больш памяркоўнымі да звычаяў, пачуццяў, меркаванняў, ідэй асаблівых дзяцей, быць уважлівымі да сваіх аднагодкаў, сябраваць з імі. Бо ўсе мы розныя, але сапраўды роўныя!
Юлія ЗМАЧЫНСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг
сярэдняй школы № 4 Дзяржынска