На чыгуначнай станцыі “Беняконі” з экскурсіяй пабывалі клайшанскія школьнікі  

- 12:27ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Навучэнцы Клайшанскайя базавай школы Воранаўскага раёна здзейснілі пазнавальную экскурсію на чыгуначную станцыю “Беняконі”.

Хлопчыкаў і дзяўчынак гасцінна сустрэў начальнік Сяргей Салаш. Экскурсію Сяргей Леанідавіч пачаў з гісторыі станцыі, якая была заснавана ў 1861 годзе. Школьнікі даведаліся, што чыгунка аказала істотны ўплыў на эканамічнае развіццё Воранаўскага раёна, што побач са станцыяй пабудаваныя склады, праходзяць пуці ў Літоўскую Рэспубліку. Цягнікі, якія ідуць праз вёску Беняконі, перавозяць розныя грузы, угнаенні, пасажыраў у розных напрамках.

Начальнік станцыі паказаў школьнікам касавы зал, зал чакання, інфармацыйнае табло. Ля макета чыгуначнай лініі ён падрабязна распавёў прысутным пра чыгунку, работу станцыі, перавозкі грузаў.

Пасля наведвання залы чакання дзеці адправіліся на перон, з якога добра бачныя чыгуначныя шляхі, дзе стаяць склады з вагонамі і кантэйнерамі, прызначэнне якіх кіраўнік станцыі патлумачыў школьнікам і распавёў, якую работу яны выконваюць.

Таксама дзеці пазнаёміліся з работай дзяжурнага па станцыі, даведаліся пра прынцып яго ўзаемнай працы з машыністамі і іншымі працаўнікамі. Наглядна ўбачылі, як дзяжурны па станцыі кіруе рухам цягнікоў і манеўровай работай. На экране манітора пераканаліся, што ён мае магчымасць выдалена, пры дапамозе клавіятуры і мышкі, кіраваць стрэлкамі і святлафорамі, таксама кантралюе ўсё, што адбываецца на чыгунцы, каардынуе дзейнасць іншых службаў і своечасова дакладвае пра ўсе здарэнні.

Сяргей Леанідавіч паказаў школьнікам на маніторы занятыя і свабодныя пуці, дзеці змаглі назіраць, як па зададзеным дзяжурным маршруце на станцыю прыбывае грузавы цягнік.

Пабываўшы ў кабінеце дзяжурнага па станцыі, школьнікі зразумелі, што ад яго якаснай працы залежыць бяспека пасажыраў і перавозак грузаў.

Па завяршэнні экскурсіі дзяўчынкі і хлопчыкі падзякавалі Сяргею Леанідавічу за цікавую і пазнавальную экскурсію. Усе ўдзельнікі сфатаграфаваліся на памяць на фоне чыгуначнай станцыі.

 

Крысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий