Для вучняў 4-га класа Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна прайшла класная гадзіна “Сябруюць дзеці ўсёй планеты”, якая дазволіла дзецям яшчэ раз узгадаць пра важнасць сяброўства і ўзаемаадносін паміж людзьмі рознага ўзросту і нацыянальнасці.
Мерапрыемства пачалося з прыгожай песні М.Таніча “Калі мае сябры са мной”, якая настроіла дзяцей на даверлівую размову пра павагу, давер, шчасце і сяброўства. Праслухаўшы верш В.Вераб’ёва “Сябруюць дзеці на планеце” у выкананні вучня, дзеці паразважалі пра правы кожнага чалавека на мір і шчасце ў незалежнасці ад таго, дзе ён жыве, кім працуе і да якой рэлігіі належыць.
Падчас гэтых разважанняў была закранута тэма міграцыйнай сітуацыі на мяжы нашай дзяржавы. Вучні выказвалі свае словы спачування дзецям-мігрантам і пажаданні, каб усе іх мары споўніліся, а навагоднія святы прынеслі шмат радасці і цудоўных падарункаў. У завяршэнне гэтай размовы дзяўчынка зачытала верш “Розныя дзеці жывуць на планеце”. Прадоўжылася мерапрыемства праглядам відэароліка “Сяброўства народаў”. Пасля вучні гулялі ў гульню “Працягні прыказку пра сяброўства”, выбіралі з “мяшочка шчасця” карткі з надпісамі лепшых чалавечых якасцей і вывешвалі іх на дошку.
На класнай гадзіне дзеці адкрыта ішлі на дыялог, разважалі над прапанаванымі праблемнымі сітуацыямі і ўдала іх вырашалі. Закончылася мерапрыемства стварэннем калектыўнага плаката “Правілы сяброўства”. Праведзеная размова дапаможа дзецям у будучым фарміраваць у сабе пачуццё талерантнасці, будаваць добрыя ўзаемаадносіны з навакольнымі людзьмі.
Марына КАМІСАРАВА,
настаўнік пачатковых класаў
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна