Тыдзень матэматыкі прайшоў у Цырынскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Карэліцкага раёна.
Кожны дзень тыдня вучняў чакалі разнастайныя мерапрыемствы. Пад дэвізам “У поле цудаў гуляем – матэматыку вывучаем” прайшла гульня “Поле цудаў”, дзе навучэнцы малодшых класаў праявілі сваю эрудыцыю і кемлівасць. А на пазнавальнай гульні-прэзентацыі “Матэматычны карнавал” пачаткоўцы актыўна адказвалі на пытанні і выконвалі заданні ад Мальвіны і Бураціна.
Вучні 8–9-х класаў прынялі ўдзел у гульні “Матэматычны кактэйль”. Тут хлопцам і дзяўчатам прадставілася магчымасць паўдзельнічаць у конкурсах “Прасцей простага”, “Шчаслівы выпадак”, “Цудоўная сямёрка”, “Зорная гадзіна”. Ва ўпартай барацьбе перамога дасталася дзевяцікласнікам.
Навучэнцы 5–7-х класаў прынялі ўдзел у конкурсе “Займальная матэматыка”. Змагаліся дзве каманды: каманда дзяўчынак “Піфагоры” і каманда хлопчыкаў “Спартанцы”. Заданні конкурсаў былі даволі цікавымі. Так, у конкурсе “Даганяй” удзельнікі прайшлі праверку на веданне тэорыі, у конкурсе “Падлічы” ім неабходна было паставіць у прыкладах знакі і, калі трэба, дужкі такім чынам, каб роўнасці былі правільныя. Конкурс “Адгадай” патрабаваў рашэння цікавых задач на кемлівасць, а ў спаборніцтвах “Прачытай” і “Загадай” навучэнцы разгадвалі матэматычныя рэбусы і адгадвалі загадкі з матэматычным зместам.
Матэматыка – не сумная навука, а вельмі нават цікавая. Да такой высновы прыйшлі ўсе ўдзельнікі тыдня матэматыкі.
Галіна АЛЕКСІЕВІЧ,
настаўнік матэматыкі
Цырынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Карэліцкага раёна