У Збароўскім яслях-садзе – базавай школе імя К.Н.Осіпава Рагачоўскага раёна прайшоў фестываль дзіцячай і сямейнай творчасці “Майстэрня пернікаў”.
Гэта ўжо пяты па ліку фестываль. Ідэя правядзення такога мерапрыемства ў школе належыць настаўніцы працоўнага навучання Алене Чарняўскай. Сваім творчым запалам Алена Аляксандраўна натхніла не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Цяпер штогод у адну з субот “Майстэрня пернікаў” збірае тых, хто прагне творчасці, хто хоча паказаць свае кандытарскія здольнасці ці павучыцца гэтаму майстэрству ў іншых.
Сёлетні фестываль атрымаўся асабліва яскравым, усе яго ўдзельнікі засталіся ў захапленні. Над імбірнымі пернікамі разам з настаўнікамі і матулямі працавалі як дзяўчынкі, так і хлопчыкі. Самым цікавым стала ўпрыгожванне невялікай пернікавай ёлкі. Салодка ў гэты дзень было ўсім!
Варта сказаць, што асноўнай мэтай такога школьнага мерапрыемства стала фарміраванне даверлівых адносін паміж вучнямі, школай і бацькамі. Бацькоўскі прыклад у школьным выхаванні бывае значна больш карысным, чым словы пра нейкіх паспяховых людзей, якіх вучні ніколі не бачылі.
Цудоўную пернікавую традыцыю мы абавязкова захаваем і спадзяёмся, што шосты фестываль самаробных пернікаў мы адзначым з яшчэ большым размахам.
Вольга КАВАЛЁВА,
настаўнік пачатковых класаў
Збароўскага ясляў-сада – базавай школы імя К.Н.Осіпава
Рагачоўскага раёна