Відамлянскія школьнікі пабывалі на канікулах у Мінску

- 13:16БРЕСТЧИНА, Регионы

На зімовых канікулах настаўнікі і вучні Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна накіраваліся ў Мінск.

Канікулы – час адпачынку, а самы лепшы адпачынак – падарожжа, сустрэчы з чымсьці новым, цікавыя знаёмствы, прыемныя суразмоўцы. На гэты раз нас чакала не проста аглядавая экскурсія па нашай прыгожай сталіцы, а найперш наведванне цікавых аб’ектаў: музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, вострава Мужнасці і Смутку, Мінскага трактарнага завода…

Хоць надвор’е было зусім не зімовым, а раніца ўвогуле сустрэла халодным дожджыкам, дзеці ў добрым настроі сабраліся каля школы, каб адправіцца ў чарговае падарожжа.  

Дарога… Яна падалася кароткай, бо нам пашанцавала: суправаджаў нас цікавы экскурсавод   У.У.Барысюк. Ён не проста расказваў пра мясціны, праз якія мы праязджалі, а прыводзіў адметныя жыццёвыя факты, пра якія нельга прачытаць у інтэрнэце. Да гутаркі далучаліся вучні, атрымліваўся цікавы дыялог. У.У.Барысюк чытаў на памяць вершы Алеся Разанава, а дзеці – не толькі праграмныя вершы беларускіх паэтаў. Час праляцеў незаўважна.

І вось мы ўжо ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Нейкае незразумелае пачуццё трывогі і перажывання авалодала вучнямі, ледзь яны трапілі ў першую залу “Мір і вайна”… А далей – экскурсія, знаёмства з гісторыяй і экспанатамі. У дзіцячых вачах – не проста цікавасць і здзіўленне. Перад імі – зброя, з якой ваявалі савецкія і фашысцкія салдаты, танкі і самалёты, прадстаўленыя ў натуральную велічыню. Па меры знаёмства з экспазіцыяй цікавасць у вачах змянялася на нейкую разгубленасць. Дзеці спрабавалі ўявіць сябе на дарогах вайны, сярод партызан, падчас акупацыйнага рэжыму, у “зялёных школах”. У вачах застыў жах, калі размова зайшла пра канцлагеры і колькасць загінуўшых там людзей.

 

На занятках “Школы актыўнага грамадзяніна” дзевяцікласнікі падрабязна знаёмяцца з многімі ваеннымі тэмамі, але наведванне музея дазваляе яшчэ раз апынуцца ў страшным ліхалецці.

Працягам размовы пра вайну стала наведванне Вострава Мужнасці і Смутку – Вострава Слёз. Вайна ў Афганістане прынесла шмат пакут не толькі беларускім маці, чые сыны загінулі там, аддаючы інтэрнацыянальны абавязак (больш за 30 тысяч беларускіх салдат прайшлі праз жахлівае пекла вайны). На сценах унутры капліцы выбіта 771 прозвішча загінуўшых воінаў-афганцаў. Анёл, які аплаквае гэтых маладых хлопцаў, камяні, на якіх выбіты назвы афганскіх правінцый, дзе ваявалі савецкія салдаты, – усё прымушае яшчэ раз задумацца пра жахі вайны, калі ты нават не быў іх сведкам.

У аўтобус дзеці вярталіся задуменнымі і яшчэ больш маўклівымі. Мабыць, кожны думаў пра сваё, тым больш што сярод іх была дзяўчынка, бацька якой у свой час таксама служыў у Афганістане. Але пра гэта ён успамінаць не любіць.

Далей мы накіраваліся на Мінскі трактарны завод. Тут дзяцей чакалі не менш відовішчныя ўражанні. Але яны выклікалі яркія станоўчыя пачуцці, захапленне, гонар за беларускіх людзей і Беларусь, бо, убачыўшы разбуральную сілу вайны і пачуўшы ў музеі МТЗ, як адбудоўваўся Мінск і ўзводзіўся завод, дзеці з захапленнем назіралі за тым, што адбываецца на ім цяпер.

Маштабы завода вельмі ўразілі вучняў. Яны ўбачылі, як з канвеера сыходзяць трактары рознай магутнасці і камплектацыі. Вельмі здзівіліся, што на зборцы трактароў побач з мужчынамі працуюць і жанчыны рознага ўзросту. Вучні адчулі працу тысяч людзей (у адну змену на заводзе задзейнічаны 7,5 тысячы рабочых), вынікі якой сельскія дзеці бачаць штодзень на палях гаспадарак, дзе працуюць іх бацькі.

Дзень атрымаўся насычаным і багатым на ўражанні. Дарога дадому таксама здалася кароткай, бо час праляцеў незаўважна. Дзеці дзяліліся эмоцыямі. Кожны знайшоў для сябе нешта незабыўнае. Адзінае агульнае пажаданне – часцей падарожнічаць па Беларусі, бо наша краіна – невычэрпная крыніца, багатая на станоўчыя ўражанні.

 

Ларыса КУЧУР,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Відамлянскай сярэдняй школы
Камянецкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий