Экскурсія на шклозавод “Нёман” – падарожжа ў казку са шкла і крышталю  

- 13:44ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Выхаванцы зімовага аздараўленчага лагера “Ледніковы перыяд” Ладзеніцкага дзіцячага сада – базавай школы Навагрудскага раёна пабывалі на шклозаводзе “Нёман”.

Што азначае слова “гута”? На гэта пытанне адкажа нават не кожны дарослы. Насамрэч, гэта печ або цэх, дзе вараць і выдзімаюць шкло. Гуты даўно адышлі ў нябыт, сталі гісторыяй свайго краю. Сёння на іх месцы ўзвышаюцца шыкоўныя шклозаводы. Вось на адным з такіх прадпрыемстваў пабывалі выхаванцы зімовага аздараўленчага лагера “Ледніковы перыяд” Ладзеніцкага дзіцячага сада – базавай школы.

Шклозавод “Нёман” славіцца сваімі вырабамі за межамі Беларусі. Ён месціцца ў невялікім гарадку Бярозаўка, што знаходзіцца на мяжы Навагрудскага і Лідскага раёнаў. А пачатак яму дала мясцовая гута, якая размяшчалася за некалькі кіламетраў у лясным масіве больш за 100 гадоў таму назад.

Малодшых школьнікаў уразілі магутныя печы, дзе падтрымліваецца тэмпература ў 1500˚С! Менавіта такая тэмпература патрэбна, каб “зваранае” шкло было цякучым і паслухмяным. Пры дапамозе двухмятровай металічнай трубкі вогненны шарык у руках майстра на вачах ператвараецца ў келіх, збанок, вазу ці іншы выраб. Цуд ды і толькі!

Яшчэ нашы выхаванцы наведалі музей мастацкіх вырабаў шклозавода і нібыта трапілі ў крышталёвае казачнае царства, дзе ўсё іскрыцца, пераліваецца рознымі колерамі, зачароўвае хараством і крыштальнай таямнічасцю. Незвычайныя ўражанні напаўнялі цікаўныя вочкі дзяцей. Гэта стала падарожжам у сапраўдную казку са шкла і крышталю!

Напрыканцы экскурсіі кожны юны наведвальнік атрымаў фірменны сувенір ад прадпрыемства, што зрабіла экскурсію памятнай, пазнавальнай і незабыўнай падзеяй зімовага аздараўленчага лагера.

 

Ірына ПІКТА,
настаўнік пачатковых класаў
Ладзеніцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий