Праваслаўны тэатр навучэнцаў Дабравольскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна прэзентаваў спектакль “Анёлы зорку запалілі, Раство Хрыстова абвясцілі”.
У дзень, калі праваслаўныя беларусы святкуюць стары Новы год, у Дабравольскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе адбылася калектыўная творчая справа “Анёлы зорку запалілі, Раство Хрыстова абвясцілі”. Мерапрыемства прайшло ў рамках тэматычнага тыдня “Беларускія каляды”, які праводзіцца з 2013 года, калі ўстанова адукацыі стала пляцоўкай для рэалізаціі інавацыйных праектаў, накіраваных на захаванне беларускіх праваслаўных традыцый.
З пачатку гэтага навучальнага года ўстанова рэалізуе інавацыйны праект “Укараненне мадэлі этнічнай сацыялізацыі і фарміравання полікультурнай кампетэнтнасці асобы навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”. У яго рамках арганізавана работа праваслаўнага тэатра, самадзейныя артысты якога і прадставілі пастаноўку казкі “Пад Каляднай зоркай”.
Вучні з вялікай радасцю становяцца ўдзельнікамі традыцыйных на Беларусі праваслаўных святаў. Яны радуюцца Калядам, ведаюць і любяць песні тэматычнага характару, водзяць карагоды вакол Каляднай ялінкі, гуляюць у любімыя народам гульні. Усё адбываецца, як і раней, калі нашы прабабулі і прадзядулі збіраліся на шумныя гутаркі і вячоркі, калі, перапрануўшыся шчадроўнікамі, хадзілі па дварах славіць Збавіцеля, услаўлялі гаспадароў, жадаючы ім добрага здароўя і багатага ўраджаю, калі ладзілі вясёлыя ігрышчы і забавы.
Такія святы выхоўваюць у дзяцей міласэрнасць, спачуванне, шчодрасць, уменне прабачаць, быць удзячнымі, адважнымі, сціплымі, працавітымі, адказнымі і проста… быць добрымі.
Ірына ЯНУШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Дабравольскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна