Дзесяцікласнікі наведалі вечарыну “Хвіліны творчага натхнення”

- 16:18ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У студзені разам з навучэнцамі 10-га класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні мы трапілі на цудоўную вечарыну “Хвіліны творчага натхнення”, прысвечаную творчасці выдатнага скульптара Уладзіміра Церабуна.

На персанальнай выставе Уладзімір Васільевіч адкрыўся перад намі таксама як выдатны мастак. Шматлікія акварэлі спакойна пазіралі на наведвальнікаў выставы. Разнастайныя пейзажы роднай прыроды, блізкія і зразумелыя, прыцягвалі ўвагу, прымушалі прыпыніцца, задумацца, паразважаць…

Далей мы пазнаёміліся з цікавымі фактамі з жыцця і творчасці скульптара, убачылі незвычайную кінастужку, прысвечаную кампазіцыі “Расстраляная песня”. Адкуль узнікае тэма, што ўплывае на стварэнне вобраза, які шлях праходзіць той ці іншы помнік ад задумы да яго ўвасаблення ў камені? Некалькі хвілін на экране – і доўгая напружаная праца.

Уладзімір Церабун – наш зямляк. Невялічкая вёска Несцяняты на Смаргоншчыне – малая радзіма майстра. Таму так шмат творчых ідэй Уладзіміра Васільевіча ўвасоблена ў родным горадзе. У цэнтры Смаргоні – гэта памятныя знакі “На хвалях часу”, створаны да 500-годдзя заснавання горада, і “Рэха вайны”, прысвечаны воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку. У цэнтральным парку – скульптурная кампазіцыя “Мядзвежая акадэмія”, візітка нашага горада. А ў парку Перамогі – мемарыяльны комплекс па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну.

На вечарыне мы сустрэліся і з самім аўтарам, простым, адкрытым чалавекам, набылі яго кнігу “На хвалях часу” і атрымалі аўтограф мастака.

“Твае сляды ў стагоддзях засталіся…” – усплылі радкі Мар’яна Дуксы пра родную Смаргонь. Яны ў поўнай меры адносяцца і да Уладзіміра Церабуна.

 

Валянціна ЛУКОШКА,
класны кіраўнік 10-га класа
сярэдняй школы № 7 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий