У Тухавіцкім дзіцячым садзе Ляхавіцкага раёна прайшоў тыдзень патрыятычнага выхавання “Мая Радзіма – Беларусь”.
Педагогі ў патрыятычным выхаванні прытрымліваюцца прынцыпу “праз малое да вялікага”. Таму фарміраванне станоўчых пачуццяў і павагі да Радзімы адбываецца паступова, праз выхаванне шчырых адносін да родных: маці, таты, бабулі, браціка. А ўжо затым даюцца першапачатковыя веды пра Беларусь.
На працягу тэматычнага тыдня дзеці пашырылі ўяўленні пра малую радзіму – вёску Тухавічы, сінявокую Беларусь, азнаёміліся з легендамі пра паходжанне Брэста і сталіцы, а таксама з раслінным і жывёльным светам.
Выхаванцы наведалі этнаграфічны куток “Беларуская хатка”, пабывалі ў музеі сельскага Дома культуры, дзе з вялікім задавальненнем азнаёміліся з побытам продкаў.
Выхаваць любоў да роднага краю немагчыма без любові да роднай мовы. Для гэтага выкарыстоўваліся гульні-заняткі і беларускія народныя гульні “Садзі лянок”, “Бульбачка” і “У млын”. Народныя святы “Каляды”, “Гуканне вясны” і “Купала” ладзіліся з удзелам бацькоў.
Дзеці часта бываюць у чытальнай зале групавога пакоя, дзе шмат беларускамоўных кніг. Малышы любяць слухаць казкі, паказваць артыстычныя здольнасці пры драматызацыі беларускіх народных казак “Жаронцы”, “Як кот звяроў напалохаў”, “Верабей і мыш” і “Зайкава хатка”.
Выхаванцы замацавалі веды падчас мерапрыемства “Знаўцы сваёй Радзімы” з удзелам бацькоў, дзе адказвалі на пытанні, чыталі вершы, спявалі. А мамы і таты складалі прыказкі і прымаўкі, адказвалі на пытанні пра славутасці Беларусі.
Ж.А.ПАБЯГАЙЛА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Тухавіцкага дзіцячага сада
Ляхавіцкага раёна