Да 100-годдзя з дня нараджэння І.Ф.Харламава

- 8:03ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

На факультэце псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны ў рэжыме анлайн-трансляцыі адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя Навуковая спадчына акадэміка І.Ф.Харламава і актуальныя праблемы цэласнага адукацыйнага працэсу ў сучаснай педагагічнай прасторы.

Маштабнае навуковае мерапрыемства прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння вядомага на ўсёй постсавецкай прасторы акадэміка НАН Беларусі, доктара педагагічных навук, прафесара Івана Фёдаравіча Харламава.

Цікавасць да педагогікі і бясспрэчны талент у гэтай галіне ў Івана Фёдаравіча былі з юнацтва. Пасля заканчэння школы ён паступіў у Рэчыцкае педагагічнае вучылішча, у далейшым працягнуў вучобу ў Рагачоўскім настаўніцкім інстытуце на літаратурным факультэце.

У год 75-гадовага юбілею Вялікай Перамогі нельга не згадаць той факт, што Іван Фёдаравіч Харламаў – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Пасля 1945 года працаваў на розных пасадах у сферы адукацыі Лоеўскага раёна, а на пачатку 50-х з адзнакай скончыў завочнае аддзяленне літаратурнага факультэта Гомельскага педагагічнага інстытута імя В.П.Чкалава і аспірантуру па спецыяльнасці “Педагогіка” ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А.М.Горкага.

Увесь далейшы жыццёвы шлях Івана Фёдаравіча быў непарыўна звязаны з Гомельскім дзяржуніверсітэтам. Ён займаў пасады старшага выкладчыка, дацэнта, прафесара, прарэктара па вучэбнай і навуковай рабоце, а затым больш за трыццаць гадоў працаваў загадчыкам кафедры педагогікі.

За сваё жыццё Іван Фёдаравіч Харламаў апублікаваў больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 22 кнігі. За адну з самых вядомых сваіх прац – “Педагогіка: падручнік” на беларускай мове для студэнтаў педагагічных УВА – быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Уклад гэтага выдатнага вучонага, які вырасціў не адно пакаленне знакамітых педагогаў, у развіццё ўніверсітэта назаўжды застанецца ў памяці калектыву ГДУ імя Францыска Скарыны. Сведчаннем таму – мемарыяльная дошка з выявай Івана Фёдаравіча, якая размешчана на будынку навучальнага корпуса № 1. Безумоўна, арганізацыя міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння, таксама з’яўляецца фактам памяці і павагі.

З уступным словам да ўсіх удзельнікаў канферэнцыі звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце, доктар тэхнічных навук, прафесар Алег Дземідзенка. Алег Міхайлавіч адзначыў вялікі ўклад Івана Фёдаравіча Харламава ў развіццё педагагічны думкі, а таксама маральнае выхаванне не аднаго пакалення школьнікаў і студэнтаў. Далей з прывітальным зваротам выступіў вучань Івана Харламава, загадчык кафедры педагогікі, доктар педагагічных навук, прафесар Фёдар Уладзіміравіч Кадол.

Супрацоўнікі названай кафедры прадэманстравалі маштабную прэзентацыю пра жыццёвы і навуковы шлях Івана Фёдаравіча, пасля чаго ўдзельнікі працягнулі працу па трох напрамках: “Канцэптуальныя і метадалагічныя аспекты арганізацыі цэласнага адукацыйнага працэсу ў інфармацыйным грамадстве”, “Навукова-метадычныя асновы навучання, выхавання і развіцця асобы ў сучаснай педагагічнай прасторы” і “Кампетэнтнасны і практыка-арыентаваны падыходы ў прафесійнай падрыхтоўцы канкурэнтнага спецыяліста”.

Усе матэрыялы канферэнцыі будуць выдадзены ў электронным выглядзе і размешчаны на сайце канферэнцыі ў пачатку кастрычніка гэтага года.

Андрэй ВЯЛІКІ

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий