У Ахоўскай сярэдняй школе Пінскага раёна прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню юнага героя-антыфашыста.
Вучні ўспаміналі савецкіх хлапчукоў і дзяўчынак, якія разам з дарослымі ўсталі на абарону краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Іх было так шмат, што памяць не здолела захаваць усе імёны. Вядомыя і невядомыя маленькія героі тысячамі ваявалі і гінулі на франтах і ў акупацыі, стралялі з адных акопаў з дарослымі, узрывалі масты і калоны з фашысцкай бронетэхнікай. Памятаць пра подзвігі герояў-антыфашыстаў абавязаны сучасныя школьнікі.
Дзень памяці суправаджаўся інфармацыйнымі гадзінамі, дзякуючы якім сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі наблізіліся да гісторыі. На працягу дня вучні наведвалі выставу літаратуры ў школьнай бібліятэцы “Маленькія героі Вялікай вайны”.
Акцыя “Мы помнім іх заўжды” прымусіла зноў захвалявацца сэрцы дарослых і дзяцей. Да яе вучні загадзя рыхтавалі тэматычныя фотапартрэты, а на перапынках праводзілі хвіліны памяці. Удзельнікі мерапрыемстваў ушанавалі памяць тых, хто змагаўся супраць фашызму, паміраў за свабоду, шчасце і роўнасць народа.
Вучні паіменна ўспомнілі піянераў-герояў (партызан, разведчыкаў, сувязістаў, сясцёр міласэрнасці) і прыйшлі да высновы, што гэтыя маленькія героі назаўжды застануцца прыкладам адвагі і мужнасці для аднагодкаў і дарослых.
Найбольш цікавым і запамінальным мерапрыемствам стала сустрэча з ваеннаслужачымі 38-й Брэсцкай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады. Падчас экскурсіі вучні адчулі рамантыку армейскага жыцця, азнаёміліся з выставай узбраення, тэхнікі і адзення, якую выкарыстоўваюць сілы спецыяльных аперацый, паўдзельнічалі ў разборцы і зборцы зброі, прымерылі экіпіроўку салдата, аказалі першую меддапамогу, пакаштавалі армейскую кашу. А завяршылася сустрэча выступленнем ваеннаслужачых-артыстаў ваеннага вакальна-інструментальнага ансамбля “Арлы над Бугам”.
Такія мерапрыемствы выхоўваюць у дзяцей пачуццё абавязку, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і любові да Радзімы.
Марыя АНДРАЙЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Ахоўскай сярэдняй школы
Пінскага раёна