На базе Падсолтаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна ў разгары праца летняга прышкольнага лагера “Дружба” экалагічнай накіраванасці. Дзеці жывуць у сельскай мясцовасці, яны з дзяцінства маюць зносіны з прыродай.
План мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў лагеры, складзены так, каб кожнае з іх насіла ўсебаковы выхаваўчы характар, было нацэлена на фарміраванне ў дзяцей устойлівага пераканання і жадання рабіць добрыя справы, дапамагаць адно аднаму, паважаць людзей, любіць Радзіму і бацькаў край, любіць і берагчы навакольны свет прыроды. Гэта асабліва актуальна ў Год малой радзімы.
Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі хвілінак здароўя. У сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў свеце – пандэміяй каранавіруса, дзеці вучацца выконваць правілы асабістай гігіены, карыстацца індывідуальнымі сродкамі абароны. Калектыўныя практыкаванні з’яўляюцца найбольш прыдатным сродкам для фарміравання ў дзяцей маральных прынцыпаў здаровага ладу жыцця.
Вядома ж, гатовага рэцэпта “звонкага лета” не існуе. Але педагогі нашай установы адукацыі перакананыя, што паразуменне і добры настрой – залог поспеху ў вырашэнні гэтай задачы. Дарослыя імкнуцца, каб дзецям было весела і каб кожны дзень быў для іх незабыўным.
Тамара МАСЛАКОВА,
намеснік дырэктара лагера Падсолтаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна