Разам з татам

- 0:32ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У чэрвені ва ўсім свеце адзначаюць сусветны Дзень бацькі. Выхаванцы і педагагічныя работнікі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна таксама вырашылі адзначыць гэты дзень па-асабліваму.

Праца з сем’ямі выхаванцаў заўсёды з’яўлялася адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці ўстановы дашкольнай адукацыі. Так, напярэдадні святкавання Дня бацькі абвясцілі фотаконкурс пад назвай “Разам з татам”. Бацькі накіроўвалі на электронную пошту ўстановы сямейныя фатаграфіі, на якіх дзеці разам з татамі паказаны ў розных відах дзейнасці.

Колькі разнастайных і незвычайных, часам смешных, фота паступіла на конкурс ад бацькоў. Іх аб’ядноўвала тое, што тата на фота быў у ролі значнага чалавека ў жыцці сям’і і дзіцяці. Тата ўсё ведае: і пра космас, і пра прыроду, і пра жывёл. З ім цікава гуляць, бо ён самы спрытны, самы моцны. Разам з ім спорыцца любая справа, ён майстар на ўсе рукі, ён можа адрамантаваць любую паломку, зрабіць шпакоўню і нават пабудаваць дом. А як весела разам з татам займацца фізкультурай! Ён навучыць падцягвацца, забіваць мяч у кошык, плаваць. Тата – самы лепшы рыбалоў на свеце, ён ведае ўсе хітрасці і тонкасці добрага ўлову. Толькі разам з татам можна злавіць самую вялікую рыбу. А як тата гатуе! Пальчыкі абліжаш! Разам з татам на кухні можна рабіць усё: рассыпаць муку, вымазацца варэннем, эксперыментаваць з рознымі прадуктамі. Акрамя таго, тата самы добры і ласкавы, ён сапраўдны сябар. Ён заўсёды абароніць і дасць мудрую параду.

У нашым конкурсе ўсе фота прызнаныя пераможцамі. З фатаграфій атрымалася выдатнае і кранальнае відэа з віншаваннямі для тат, якое і стала для ўсіх удзельнікаў конкурсу абяцаным сюрпрызам. Мы размясцілі відэа на галоўнай старонцы сайта ўстановы. А яшчэ накіравалі відэа на конкурс Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС пад такой жа назвай “Разам з татам” і распавялі пра тое, як у дашкольным цэнтры на працягу многіх гадоў плённага супрацоўніцтва таты з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў.

З непадробнай цікавасцю і азартам яны прымаюць удзел у спартыўных святах, прысвечаных Дню абаронцы Айчыны “Вайсковыя вучэнні разам з татам”, “Для мяне заўсёды герой – самы лепшы тата мой!”, дзе мераюцца сілай, дэманструюць цягавітасць, спрыт, кемлівасць, з’яўляючыся прыкладам для сваіх дзяцей. А дзеці адчуваюць гонар і захапленне ад таго, што побач з імі іх любімыя таты.

Актыўна ўдзельнічаюць таты ў святах, прысвечаных Міжнароднаму Дню сям’і “Джунглі клічуць!”, “У пошуках скарбаў” і разам з дзецьмі “ператвараюцца” то ў драпежных тыграў, вясёлых малпаў і сланоў, то ў смелых піратаў, адпраўляючыся ў займальнае падарожжа ў пошуках скарбаў.

У рамках адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” у дашкольным цэнтры праходзяць разнастайныя экалагічныя акцыі, і таты нашых выхаванцаў не застаюцца ў баку ад гэтых значных мерапрыемстваў, з’яўляюцца іх галоўнымі ўдзельнікамі. У акцыі “Птушыная сталовая” таты разам са сваімі дзецьмі майструюць птушыныя кармушкі, каб потым развесіць іх на тэрыторыі дашкольнай установы і ў Румлёўскім парку, які знаходзіцца побач з дашкольным цэнтрам.

У экалагічнай акцыі “Зялёная алея Дружбы”, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таты былі першымі памочнікамі. Узброіўшыся граблямі, рыдлёўкамі і вёдрамі, яны высаджвалі маладыя саджанцы туй і яблынь пад мелодыі песень ваенных гадоў.

Мы ганарымся тым, што ў нашых выхаванцаў заўсёды ёсць яскравы прыклад моцных, добрых, вясёлых, мудрых і актыўных бацькоў.

Вольга БЯЛКО,
выхавальнік ДЦРД № 58 Гродна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий