Духоўна-маральная змена ў валеўскім прышкольным лагеры  

- 16:58ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

«Вначале было Слово…». Такую назву меў прышкольны аздараўленчы лагер Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы на Навагрудчыне, які працаваў па праграме профільнай духоўна-маральнай змены.

Яго мэта: стварыць спрыяльныя ўмовы для ўмацавання здароўя і арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, фарміраванне высокіх патрыятычных пачуццяў, знаёмства моладзі з духоўнай і культурнай спадчынай сваёй краіны.

Атрад “Буквіца”, а гэта 15 юнакоў і дзяўчынак, адправіўся ў цікавае падарожжа працягласцю ў шэсць дзён. У лагеры было рэалізавана два праекты: ”Год гістарычнай памяці. Святыні Гродзеншчыны” і “Добрае слова – жыцця аснова”.

Маленькія дзіцячыя сэрцы і душы змаглі дакрануцца да духоўных каштоўнасцей нашай краіны, якія з’яўляюцца падмуркам беларускай культурнай спадчыны. Незабыўныя ўражанні пакінула паездка ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, які з’яўляецца аплотам праваслаўя на беларускіх землях. А ўсё пачалося з яўлення маленькай цудатворнай іконы Божай Маці, якая сёння ўваходзіць у сотню самых вядомых святынь праваслаўнага свету. Пабывалі на магіле мітрапаліта Філарэта, Героя Беларусі.

Экскурсія завяршылася наведваннем заапарка “Эдэмскі сад”, які ў 2010 годзе трудамі насельнікаў манастыра быў створаны на месцы сядзібы Солтанаў. Насухі, лісы розных відаў, прыгажун буры мядзведзь, алені, ваўкі, дзікабразы. муфлон, страус… Які ж дзіўны і прыгожы свет жывой прыроды!

У рамках праекта “Да суседзяў” мы наведалі Карэліцкі раён. Гасцінна нас сустракаў Райцаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа. Пранікнёна гучаў расказ экскурсаводаў школьнага музея пра подзвіг Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэла, бацька якога нарадзіўся ў суседняй вёсцы Плужыны. Вельмі ўразіў нас храм Святой пакутніцы Варвары. Такі тып храмавай архітэктуры – храм-вежа – ёсць толькі ў Райцы і на востраве святой Алены.

Далей нас чакалі ў сядзібе Раецкіх. Вера Яўгеньеўна Салдатава правяла экскурсію па векавым парку. У ім 100-гадовы каштан прывезены з Францыі, белая таполя, якой 700 гадоў, альтанка з ясеня. Але ж самае цікавае нас чакала ўнутры сядзібы. Унікальныя работы гаспадыні: зубр, капялюшыкі з саломкі, адна з якіх была падорана жонцы амерыканскага Прэзідэнта Хілары Клінтан. Самыя яркія ўражанні засталіся ад майстар-класа па іканапісу ад Аляксандра Васільевіча Салдатава.

Са словам як крыніцай інфармацыі мы сустракаемся ў СМІ. Вельмі цёплай была сустрэча з супрацоўнікамі мясцовага тэлебачання “НоваТВ”. Моладзь не толькі пачула, як ствараецца тэлепраграма, але і паспрабавала сябе ў ролі аператара, карэспандэнта, вядучага. Выпуск навін з нашым удзелам выйдзе ў эфір на наступным тыдні.

Амаль у кожны дом навагрудчан слова прыходзіць са старонак раённай газеты “Новае жыццё”. Гэта выданне выходзіць з 1939 года. У рэдакцыі газеты нас сустракала галоўны рэдактар Алена Яўгеньеўна Ермакова. Яна расказала, як нараджаецца друкаванае слова і якая гэта складаная і адказная праца, падкрэсліла ролю СМІ ў сучасным грамадстве.

У рамках праекта “Добрае слова – жыцця аснова” дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні “Не в силе Бог, а в правде”, прысвечанай князю Аляксандру Неўскаму; у гістарычным экскурсе “Святы Сергій Раданежскі – светач міру і любві”. У гэтых святых кожнаму з нас можна павучыцца любові да сваёй Радзімы і праваслаўнай веры, гатоўнасці аддаць за іх сваё жыццё.

Урокі добрага кіно былі прысвечаны праблеме, як выпрацаваць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, як не трапіць у сетку падманных замежных каштоўнасцей у наш век інфармацыі. У гэтым нам дапамаглі кінастужкі “Честь имею” і “Навсегда” з расійскага праекта “Кінаўрокі ў школах Расіі”.

На ўрачыстай лінейцы закрыцця лагера разам з лічбай 2, сімвалам другой духоўнай змены, у неба ўзнялося слова-пажаданне – МІР. З надзеяй мы не адводзілі вачэй, як парывы веснавога ветру ўздымаюць нашу просьбу ўсё вышэй і вышэй. З верай мы будзем жыць, што яна будзе пачута, з любоўю да роднай зямлі мы будзем будаваць сваё жыццё.

 

Тамара СУРАГА,
настаўнік гісторыі
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий