Час на канікулах школьнікі бавяць па-рознаму. Звычайна гэта адпачынак дома ці з сябрамі, хобі ці паездка да бабулі-дзядулі. Калі ж вы зацікаўлены, каб дзіця правяло канікулы выдатна і з карысцю, школьны прафарыентацыйны лагер – лепшая прапанова. Нават для маленькіх школьнікаў.
З мэтай уцягвання ў прафарыентацыйную дзейнасць дзяцей малодшага школьнага ўзросту, сёлета на базе сярэдняй школы № 59 Гомеля арганізаваны летні аздараўленчы прафарыентацыйны лагер “Сонейка”.
Чым цікавы такі фармат адпачынку? Самае галоўнае – гэта магчымасць даведацца пра розныя прафесіі. Мэта прафарыентацыйнага лагера – фарміраванне паважлівага стаўлення да розных відаў прафесійнай працы.
У праграму ўваходзіла азнаямленне са светам розных прафесій. Кожны новы дзень адбывалася новае знаёмства: будаўнік, сталяр, цырульнік, бібліятэкар, урач, кухар і іншыя. Выхаванцы прафлагера гулялі ў віктарыны па прафесіях, мелі стасункі з прафесіяналамі кожнай сферы дзейнасці, стварылі ўласны творчы праект.
Малодшыя школьнікі знаёміліся і авалодвалі навыкамі прафесійнай дзейнасці cур’ёзна, з усёй адказнасцю. Так, пры знаёмстве з прафесіяй цырульніка дзецям падабалася рабіць прычоскі, нягледзячы на тое, што іх кліентамі былі папяровыя лялькі.
У межах знаёмства з прафесіяй сталяра і слесара дзеці наведалі школьныя майстэрні, дзе настаўнік працоўнага навучання паказаў, як працуюць станкі па дрэве і метале. А прафесію кіроўцы дзеці асвойвалі з дапамогай цацачных машын і кегляў у спартыўнай зале.
У такім незвычайным школьным лагеры вучні атрымалі мора станоўчых эмоцый, радасць стасункаў адно з адным, знаёмства са светам прафесій. Яны навучыліся бачыць вынік сваёй працы, выяўляць ініцыятыву, самастойнасць, адказнасць і крэатыўнасць.
Алена РЫБАК,
дырэктар сярэдняй школы № 59 Гомеля