Трэці год запар у Любчанскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна праходзіць дзень адказнасці.
Ініцыятары правядзення дня адказнасці – вучні 11-га класа, выпускнікі. Запрашаюцца на гэта мерапрыемства вучні 8-га і 10-га класа. Кожны адзінаццацікласнік вядзе сваю рубрыку. Сёлета навучэнцы пагаварылі пра значэнне слова і паразважалі пра паправімыя і непаправімыя ўчынкі. Падчас вырашэння праблемных сітуацый у якасці кансультантаў выступілі будучыя выпускнікі. Спрэчак і прапаноў наконт вольнага часу, сяброўства і адказнасці за яго было дастаткова. Таксама падлеткі, чытаючы “Шкодныя саветы” Г.Остэра, высвятлялі, якія правапарушэнні апісаны. У якасці кансультанта на гэтым этапе выступіла настаўнік грамадазнаўства А.А.Зубарава, якая з задавальненнем адгукнулася на ініцыятыву адзінаццацікласнікаў.
Але самай нечаканай рубрыкай было “Крывое люстэрка”. Падлеткі ведалі, што, калі яны возьмуць у рукі люстэрка і паглядзяцца ў яго, то пачуюць пра свой дрэнны ўчынак, які яны здзейснілі на працягу навучальнага года. Справа ў тым, што старшакласнікі падчас дзяжурства па школе прадухілілі нямала такіх учынкаў, таму фактаў было дастаткова. Да пачатку мерапрыемства і настаўнікі, і адзінаццацікласнікі былі ўпэўнены, што жадаючых паглядзецца ў люстэрка не будзе. Памыліліся. Жадаючых было дастаткова. Падлеткам задавалася толькі адно пытанне: якую адказнасць ён нясе? Усе разумелі сваю адказнасць і за сябра, і за настаўнікаў, і за жывёл, і за сваю школу, за абсталяванне. Так удзельнікі прыйшлі да этапу, на якім кожны з падлеткаў выказаўся, якую адказнасць возьме на сябе ў школе. Дамовіліся пра справаздачу падчас сустрэчы выпускнікоў – у лютым. А зараз школу выпускнікі пакідаюць пад адказнасць дзесяцікласнікаў.
Адметна тое, што мерапрыемства не пакінула абыякавых. Мы ж, педагогі, былі здзіўлены і адначасова радаваліся канструктыўнаму дыялогу вучняў, ганарыліся, што выпускаем адказных дзяцей.
Марына ЛЯЎША,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна