У краязнаўчым музеі “Спадчына” Маларыцкай раённай гімназіі адкрылася выстава франтавых пісем “Жывыя радкі вайны”.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны сувязь паміж вайсковымі часцямі і насельніцтвам ажыццяўляла ваенна-палявая пошта. Франтавыя лісты перасылаліся бясплатна. Іх складалі ў форме трохвугольніка: бралі прамавугольны ліст, згіналі спачатку справа налева, а затым ‒ злева направа. Пры гэтым заставалася невялікая палоска паперы, якую ўстаўлялі ў атрыманы трохвугольнік. Іх ніхто не заклейваў. Маркі не выкарыстоўваліся, а адрас звычайна пісалі зверху ліста.
У краязнаўчым музеі захоўваюцца некалькі пісем і паштовых картак з фронту. Большасць з іх маюць канкрэтных адрасатаў у 12 населеных пунктах раёна. На салдацкіх трохвугольніках стаяць паштовыя штампы, датаваныя 1943–1945 гадамі. Амаль палова пісем адрасавана маці, столькі ж ‒ жонкам і толькі чатыры ‒ бацьку. Напісаны лісты на рознай паперы: на звычайных аркушах са школьных сшыткаў ці блакнотаў, адваротным баку казённых бланкаў, абрыўках плакатаў.
Пажаўцелыя ад часу, з тэкстам, які ўжо не заўсёды выразна чытаецца, пісьмы найчасцей напісаны звычайным алоўкам ці сінімі, ужо выцвілымі, чарніламі. Некаторыя ‒ з пабляклым штампам палявой пошты і адзнакамі ваеннай цэнзуры.
Пісьмы з фронту ‒ сведчанне таго, што чалавек яшчэ жывы, ваюе з ворагам ці ляжыць у шпіталі. Гэтыя лісты чакалі штодзень, а атрымаўшы, з нецярпеннем чыталі ўсёй сям’ёй. У кожным лісце ‒ асабістае, перажытае, выпакутаванае. Салдаты ў іх цікавіцца, як дамашнія справы, перажываюць за тое, ці падрыхтаваліся, напрыклад, да зімы, сяўбы, уборкі. І ні слова няма пра свае цяжкасці. Кожны радок прасякнуты незвычайнай цеплынёй, сардэчнасцю і шчырасцю. Колькі ўкладзена ў яго чалавечай дабрыні, веры, спагады, любові…
Перачытаем некаторыя салдацкія трохвугольнікі.
Ліст адрасаваны Домне Корань з вёскі Арэхава: “10 мая 1945 года. Добры дзень, дарагія бацькі! Прывітанне, любімая жонка і дзеткі Кацюша, Коля, усе родныя і знаёмыя! Я зараз знаходжуся ў самым цэнтры Германіі, непадалёк Берліна. Добра тут у іх. Навошта немцы рабавалі просты народ, калі былі на нашай тэрыторыі? Чаго ім не хапала? Усё ж ёсць. На няшчасці іншых нельга стаць шчаслівымі. Бог такога здзеку не даруе праклятаму немцу. Гітлеру і Гебельсу прыйшоў капут, а вайне – канец. Хутка зусім даб’ём фашысцкую гадзіну. Да вас прыеду з перамогай! Няхай жыве дзень 9 Мая, Дзень Перамогі над ворагам. Гэта свята ўсенароднае. Вораг разбіты, а перамога за намі! Вітаю вас, дарагія бацькі. Вайна скончылася. Да сустрэчы! Васіль Корань”.
У наступнага ліста адрасат ‒ Марыя Сянчук з вёскі Хаціслаў: “9 снежня 1944 года. Прывітанне ад Сенчука Паўла! Дарагія мае бацькі, жонка і дзеці Пецька, Стэфан, Кацярынка, спяшаюся вам паведаміць, што я пакуль жывы. Цяпер знаходжуся ў шпіталі, аднак рана хутка зажывае. Спадзяюся, што неўзабаве зноў буду біць ненавіснага ворага. Перадавайце “Добры дзень!” ад мяне зусім, каго я ведаў. Расказвайце больш падрабязна пра жыццё ў вёсцы. Чакаю адказу”.
А вось такі ліст з фронту атрымала Сафія Лук’янчук з вёскі Гвозніца: “10 снежня 1944 года. Дарагая жонка Сафія і ненаглядныя дзеткі Міша і Хэлца! Дарагое маё сямейства, паведамляю вам, што я жывы і здаровы. Вам жадаю добрага здароўя і поспеху ў дамашнім жыцці. Дасылаю табе, дарагая жонка Сафія, чыстасардэчнае чырвонаармейскае прывітанне. А дзеткам, Мішу і Хэлцы, жадаю добрага здароўя і шчасця. Дарагі сынок Міша, калі ёсць у нашай вёсцы школа, прашу цябе ідзі вучыся. Калі няма абутку, то няхай маці папросіць у каго-небудзь, каб сплялі лапці. Але ў школе неабходна вучыцца, бо вучэнне ‒ гэта свет, а невучэнне ‒ цемра. Дарагая жонка Сафія, як атрымаеш маё пісьмо, то адразу напішы адказ. Як ты жывеш сама? Мне перадалі, што ў цябе дрэннае здароўе. Прашу – не вельмі знясільвайся працай. Як будзем жывыя, то ўсё разам будзем нажываць пасля вайны. Па мне вельмі не сумуй. Ужо блізка перамога над ненавісным ворагам. Вярнуся ‒ і зажывём шчасліва на сваёй роднай зямлі.
Таксама дасылаю прывітанне маці і бацьку, сястры Парасцы. Дашлі мне адрас швагра Івана. Ці жывы ён? Дзе ваюе? Яшчэ перадай прывітанне Ільі з яго сямействам, хрышчонаму бацьку, сястрыцы Каці, Ульяне, суседу Паўлу Янкевічу і Уладзіку, брату Рыгору і яго жонцы Паліне.
І яшчэ. Ці закончыла будаваць сястра Параска сваю хату? Ці, можа, усе жывяце разам? Глядзіце, каб было цёпла. Напішыце, ці ёсць у вас дровы на зіму. У нас тут цёпла, як вясной, ідуць дажджы. Думаю, што і ў вас няма маразоў, бо нас аддзяляе недзе 600 км.
Нам далі добрае адзенне і чыстую пасцельную бялізну. Пастаянна бываем у лазні. З навукай я спраўляюся не горш за іншых. Мне ўсё зразумела. Толькі вось сумую па сваёй сям’і. Хто пасля мяне пайшоў служыць на фронт? З таварышаў побач нікога няма. Часта бачу Івана Зялько. Да сустрэчы! Лука Іванавіч Лук’янчук”.
Ліст з фронту, адрасаваны Цярэнцію Сацюку з Маларыты. Кірыл Смаль піша: “24.08.1944. Добры дзень, дарагое маё сямейства! Я пакуль жывы, але нездаровы: шматлікія раны вельмі напамінаюць пра сябе. Мне цяжка. Спадзяюся з божай дапамогай хутка ўстаць на ногі. Шкада, што цяпер не магу, як раней, працаваць на зямлі. Успамінаю мірны час і ўяўляю сябе аратым, які ідзе па баразне за канём. Цяпер самы час падрыхтаваць зямельку да будучага ўраджаю… Дарагія мае дзеткі, я звяртаюся да вас! Таня, Вера, Міша, Міця і Дуня, слухайцеся заўсёды маму, дапамагайце ёй ва ўсім. Толькі так, дружна, разам, можна выжыць. Маё бацькоўскае благаславенне на вас. Цалую. Пішыце”.
У краязнаўчым музеі захоўваюцца і тры лісты чырвонаармейца Міхаіла Аляксандравіча Селівончыка, адрасаваныя родным. Ён нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Паўлопаль. 8 жніўня 1944 года Міхаіл Селівончык быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію Дзівінскім РВК. Змагаўся з захопнікамі наш зямляк у вайскавай часці 44702 “Г”. Вядома, што сяржант Міхаіл Селівончык не дажыў да Перамогі. Ён памёр ад ран 17 красавіка 1945 года.
Ліст першы. “18.Х.1944 год. Добры дзень, дарагая сястрычка Ніна! Дасылаю табе сваё чырвонаармейскае прывітанне! Што новага чуваць у вёсцы? Як жывуць усе хлопцы і дзяўчаты, хто з кім гуляе? Ці пабраліся ўжо Вера і Віця, Каця і Саня? Навін асаблівых у мяне пакуль няма. Ваюю з ворагам. Зараз я ад’ютант пры старшым лейтэнанце Аляксею. У мяне ўсяго хапае… Да пабачэння, сястрычка Ніна! Твой брат Міша”.
Ліст другі. На трохвугольніку штэмпель з датай “15.01.1945”. Тут жа стаіць водціск “Просмотрено военной цензурой, 08877”. “Добры дзень, дарагія бацькі! Чырвонаармейскае вам прывітанне! Ваш ліст атрымаў, за які шчыры дзякуй. Адказ вырашыў даць адразу на той паперы, якую вы мне даслалі. Нядаўна бачыў Паўла з вёскі, цяпер служу разам з Аляксеем. Усё ў мяне добра, навін асаблівых няма. Напішыце, што робіцца ў вёсцы. Прывітанне перадавайце ўсім родным ад мяне. Ваш сын Міша”.
Ліст трэці. “07.ІІ.1945 года. Прывітанне, дарагія бацькі! Дасылаю вам чырвонаармейскае прывітанне і жадаю ўсяго добрага! Ліст, які вы напісалі 20 студзеня 1945 года, атрымаў 5 лютага 1945 года. Шчыры дзякуй вам за яго. Хацелася б пісаць вам часцей. Магчыма, вы чыталі ў газетах, што наша армія цяпер рухаецца наперад. Таму пісаць лісты асабліва няма часу. Калі ж знайду вольную хвілінку, то, як і раней, буду пісаць вам невялікія лісты. Даўнавата не бачыў сваіх таварышаў Аляксея і Паўла. Нічога не ведаю і пра Толю. Не ведаю, ці жывыя яны, ці, можа, паранены. Гэты ліст вам пішу на беразе ракі Одэр, за 90 кіламетраў ад Берліна… Ваш сын Міша”.
Салдацкія трохвугольнікі ‒ старонка Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя маленькія гістарычныя дакументы мінулай вайны маюць асаблівую каштоўнасць, бо звязваюць у адно цэлае час, памяць і забыццё. Яны ‒ найкаштоўнейшыя дакументы, праўдзівы летапіс вайны, запавет тых, хто загінуў, нам, якія жывуць сёння, і тым, хто прыйдзе ў гэты свет заўтра.
Пісьмы з фронту ‒ жывая памяць пра жахлівую і страшную вайну.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі