На базе МТФ “Відамля” дырэктар ААТ “Відамлянскае” заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі М.М.Страпко правёў прафарыентацыйны ўрок для вучняў 9–11-х класаў Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.
Новая ферма пабудавана па сучасных тэхналогіях і разлічана на 1200 галоў дойнага статку. Усе працэсы механізаваны, што значна аблягчае работу жывёлаводаў і павышае вытворчасць працы.
Вучні наведалі машынна-трактарны парк, дзе азнаёміліся з сучаснай тэхнікай, якая працуе на палях ААТ “Відамлянскае”. З першых вуснаў пачулі пра работу трактарыстаў, слесараў па рамонце сельгастэхнікі, ацанілі магутнасць тэхнікі і адказнасць працы на ёй.
Звяртаючыся да старшакласнікаў, М.М.Страпко падкрэсліў, што праца вяскоўцаў нялёгкая, але вельмі важная, бо сельскія працаўнікі ўносяць вялікі ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі дзяржавы.
Па словах М.М.Страпко, працавітасць, адказнасць за даручаную справу, любоў да зямлі заўсёды адрознівалі беларусаў. На гэта варта раўняцца сучаснай моладзі.
Міхаіл Мікалаевіч пажадаў дзецям поспехаў у вучобе і параіў правільна вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.
Тамара СТРАПКО,
дырэктар Відамлянскай сярэдняй школы
Камянецкага раёна