У Магілёўскім абласным ЦКРНіР завяршылася праца летніка з дзённым знаходжаннем “Сонейка”. Ён падараваў шмат яркіх уражанняў дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Летняя рэабілітацыя для выхаванцаў ЦКРНіР была арганізавана на працягу трох тыдняў для 21 дзіцяці з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця. Кожны дзень іх знаходжання ў лагеры быў напоўнены новымі падзеямі, цікавымі мерапрыемствамі і пазнавальнымі паездкамі.
У час знаходжання ў летніку дзеці здзейснілі экскурсію ў Магілёўскі заасад, які працуе на базе Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага. Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама наведалі бібліятэку імя А.Пушкіна, дзе пазнаёміліся з рознай дзіцячай літаратурай, паглядзелі пастаноўку казкі “Церамок”. Нашы вучні каталіся на конях у дзяржаўнай спецыялізаванай вучэбна-спартыўнай установе “Магілёўскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяцібор’і”.
У госці да выхаванцаў прыходзілі валанцёры Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Дзеці весяліліся, гулялі з казачнымі персанажамі Мішам і Дракошам, рабілі цацкі з паветраных шароў, танцавалі.
У рамках абласнога марафону “Я праводжу лета з карысцю” і з мэтай арганізацыі летам сацыяльна карыснай, працоўнай, творчай дзейнасці непаўналетніх у летніку былі праведзены “Дзень бяспекі”, “Дзень працы”, “Дзень здаровага ладу жыцця”.
На працягу ўсёй працы лагера спецыялісты ЦКРНіР імкнуліся зрабіць летні адпачынак дзяцей яркім, карысным, запамінальным.
Дзіна ЛАЗУРКІНА,
начальнік лагера, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Магілёўскага абласнога ЦКРНіР