Добрая справа з нацыянальным каларытам

- 18:05ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Дзень вышыванкі ў дашкольным цэнтры № 58 Гродна святкуецца штогод, і кожны раз па-асабліваму. Нашым выхаванцам гэтае свята вельмі падабаецца. У дзень вышыванкі дзеці разам з выхавальнікамі ўпрыгожваюць гульнявыя пляцоўкі беларускімі народнымі вырабамі з нацыянальным арнаментам: дыванамі, ручнікамі, сурвэткамі, посудам.

Сведчаннем таго, што ў нашы дні нацыянальны арнамент набывае ўсё большую папулярнасць і становіцца неад’емнай часткай афармлення адзення, з’яўляецца тое, што да дня вышыванкі і дзеці, і дарослыя рыхтуюць адзенне, якое абавязкова ўпрыгожана арнаментам, а яшчэ торбачкі, хустачкі і рукзачкі.

Вышыванка – сапраўдная візітная картка беларусаў. Вышыты нацыянальны арнамент – гэта не проста ўпрыгажэнне. Гэта своеасаблівы шыфр, які праз стагоддзі перададзены нам продкамі. Кожны ўзор у арнаменце – гэта сімвал, які валодае магутнай энергетыкай і нясе пэўны пасыл. Дзеці ў дзень вышыванкі накіроўваюць бацькам нацыянальны пасыл праз свае творчыя вырабы, упрыгожаныя арнаментам: паштоўкі, сурвэткі, ручнікі. Дзеці ведаюць, што беларускія ўзоры – своеасаблівая народная азбука. У кожнага – сваё значэнне (агонь, багацце, жыццё, вясна, душа, зямля, маладосць, сонца, сям’я і інш.), нязменная толькі колеравая палітра: вогненна-чырвоны (колер сонца, які нясе жыццёвую сілу) на белым фоне (сімвал чысціні).

У гэтым годзе дзень вышыванкі ў дашкольным цэнтры вырашылі адзначыць добрай справай: падвесці вынікі ўдзелу ў дабрачынным праекце “Жыццё ў абмен на накрыўкі”, які доўжыўся з кастрычніка 2019 года. Усе разам на працягу года збіралі пластыкавыя накрыўкі, каб не проста дапамагчы ім стаць смеццем, а накіраваць на пераапрацоўку і за атрыманыя ад новых вырабаў сродкі дапамагчы ў рэабілітацыі дарослых і дзяцей з інваліднасцю, а таксама зберагчы прыроду ад забруджвання.

Раздзельны збор другаснай сыравіны для выхаванцаў, бацькоў і супрацоўнікаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна, які носіць статут “Зялёная школа”, – справа звычайная. А каб добрая справа ў дзень вышыванкі засталася ў памяці дзяцей надоўга, усе разам сімвалічна вылажылі з сабраных накрывак сапраўдныя беларускія ўзоры, якія азначаюць чысціню, душу, сям’ю, жыццё.

На гульнявых пляцоўках падрыхтавалі накрыўкі, каб здаць іх у пункт прыёму, які размешчаны ў Гродне ў жаночай кансультацыі № 1. Валанцёры, супрацоўнікі паліклінікі, акрамя сваіх прамых абавязкаў у гэты няпросты для ўсіх час, прымаюць удзел у акцыі самі і дапамагаюць іншым у добрай справе.

Мы спадзяемся, што падзеі, прысвечаныя дню вышыванкi, якія адбыліся ў дашкольнай установе напярэдадні галоўнага свята краіны – Дня Незалежнасці, стануць не толькі традыцыйнымі, але і дапамогуць выхаваць маленькіх беларусаў шчырымі і добразычлівымі грамадзянамі, якія шануюць свае традыцыі і сваю Радзіму.

Таццяна КРАСОЎСКАЯ,
выхавальнік-метадыст ДЦРД № 58 Гродна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий