Тэматычны тыдзень “Музей і дзеці”

- 9:36ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Штогод савет народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна арганізуе разнастайныя мерапрыемствы ў ходзе правядзення тыдня “Музей і дзеці”.

Вучні 7-га класа пабывалі на інтэрактыўнай экскурсіі па экспазіцыі “Драўляныя вырабы, пляценне”, якая прадстаўлена ў выглядзе адрыны, адчыненыя дзверы якой вядуць у поле. Пануе там гаспадар у саламяным капелюшы і народным адзенні. Вучні ўпэўніліся, што людзі ў нашым краі заўсёды былі руплівымі, запаслівымі, мелі ў сваёй гаспадарцы шмат прылад працы. Аб гэтым сведчаць пудоўка для зерня, сявенькі, корабы, драўляны цэп, стогадовая веялка-шуфлік і звычайная веялка, галкі, каменныя жорны, драўляная лапата для хлеба, дзяжа з дубовамі клёпкамі і накрыўкай, палушка і кадоўба, самаробныя двухмятровыя драўляныя граблі 20-х гадоў XX  стагоддзя.

Выклікалі цікавасць скоблі і гэблікі, карамысла і драўлянае вядро, хамут з дугою і бомы-шархуны. У ходзе экскурсіі вучні не толькі даведаліся, як называліся прылады працы, якімі карысталіся нашы продкі, як адбываўся працэс вырошчвання і выпечкі хлеба, але і паспрабавалі сябе ў якасці працавітых і дбайных гаспадароў. Пасля экскурсіі вучні з цікавасцю і захапленнем паўдзельнічалі ў дыдактычнай гульні-даміно “Традыцыйныя рамёствы і промыслы беларусаў”. Пераможцы атрымалі салодкія сюрпрызы.

 

Вікторыя КІСЯЛЕЎСКАЯ,
настаўнік англійскай мовы
Малабераставіцкай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий