Выпускнікі валеўскай школы высадзілі алею з туй

- 14:34ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Неабыякавыя жыхары аграгарадка Валеўка і выпускнікі мясцовай школы правялі працоўную акцыю “Пасаджанае дрэва – найлепшы помнік”. У выніку вакол старажытнага храма з’явіліся восемдзесят саджанцаў вечназялёных туй.

У 2022 годзе валеўская школа выпускае ў дарослае жыццё 13 юнакоў і дзяўчат, выпускнікоў 9-х і 11-х класаў, якія развітваюцца не толькі са сваёй школай, але і з малой радзімай, вялікую любоў да якой пранясуць цераз усё сваё дарослае жыццё. І так хацелася б пакінуць у родных мясцінах добры ўспамін пра сябе і зрабіць сваю вёсачку яшчэ больш прыгажэйшай. Менавіта гэта жаданне аб’яднала настаяцеля храма айца Іллю Герасімука, індывідуальнага прадпрымальніка А.М.Ясюкевіча, нашага аднавяскоўца і выпускніка валеўскай школы, і моладзь.

Менавіта імі была арганізавана і праведзена ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці, прыгожая працоўная акцыя “Пасаджанае дрэва – найлепшы помнік”. Вакол нашай старажытнай царквы выпускнікі высадзілі восемдзесят маладых саджанцаў вечназялёных туй як сімвал пераемнасці традыцый і вечных законаў жыцця. Гэтыя дрэўцы ахвяравала для ўпрыгожвання храма і аграгарадка сям’я Аляксандра Міхайлавіча Ясюкевіча.  

Пакуль туі яшчэ маладыя, як і самі юныя садоўнікі, але пройдуць гады, дзясяткі гадоў – і яны ўтвораць вакол Храма жывую вечна зялёную агароджу, будуць радаваць прыхаджан, мясцовых жыхароў і нашых гасцей сваім зялёным убраннем і прахалодай, стануць сведкамі новых часоў і гістарычных падзей.

У аграгарадку Валеўка знаходзіцца ўнікальны помнік гісторыі, культуры і архітэктуры XVII ст. – Петрапаўлаўская царква, якая спалучае ў сабе рысы драўлянага дойлідства чатырох стагоддзяў. Яна пабудавана без адзінага цвіка і за сваю больш чым 300-гадовую гісторыю ні разу не зачынялася. Упрыгажэннем храма з’яўляецца іканастас, які перавезены ў Валеўку з Варшавы. Захаваць гэты помнік і перадаць будучым пакаленням – наша задача.

Гэта не толькі добры прыклад упрыгожання сваёй малой радзімы, але і глеба для нашых духоўных каранёў, захавання культурна-гістарычнай спадчыны, а яшчэ – магчымасць павысіць турыстычную прывабнасць нашых мясцін.

Ёсць меркаванне, што чалавек у жыцці павінен пасадзіць дрэва, выхаваць дзіця і пабудаваць дом. Для выпускнікоў валеўскай школы першы крок зроблены. Няхай Божая дапамога і добрыя людзі паспрыяюць выканаць і астатняе, а ўчынак Аляксандра Міхайлавіча Ясюкевіча і айца Іллі стануць прыкладам любві да “ўласных каранёў, якія даюць багатыя плады”.

 

Ірына РАЧКО,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий