Своеасаблівы міні-курс маладога байца праходзяць навучэнцы вучэбна-педагагічнага комплексу № 12 Магілёва, адпачываючы ў профільным ваенна-патрыятычным летніку “Будучы воін”.
![]() |
![]() |
![]() |
– Аздараўленчы лагер “Будучы воін” арганізуем сумесна з вайсковай часткай 72471, з камандаваннем якой у нашай установы даўно наладжана плённае супрацоўніцтва. Мы актыўна ўзаемадзейнічаем на працягу навучальнага года і традыцыйна арганізуем для дзяцей тэматычны летні адпачынак. Сёлета зладзілі адну змену працягласцю ў дзевяць дзён. У летніку адпачываюць 23 юнакі. Усе яны – вучні ваенна-патрыятычнага класа, – паведаміла дырэктар Ганна Назарук.
Побыт падлеткаў у лагеры максімальна набліжаны да армейскага. Хлапчукі жывуць у палатках, займаюцца ўзмоцненай фізічнай падрыхтоўкай, падпарадкоўваюцца распарадку, вучацца дысцыпліне і адказнасці. Для навучэнцаў рэгулярна праводзяцца разнастайныя заняткі: па агнявой і страявой падрыхтоўцы, ваеннай медыцыне, выжыванню ў экстрэмальных умовах, тапаграфіі і разведцы.
Для хлопцаў гэта добрая магчымасць падрыхтавацца да будучай воінскай службы. Але вядома, дні ў летніку адрозніваюцца ад сапраўдных вайсковых. Яны насычаны рознымі экскурсіямі, спартыўнымі і забаўляльнымі мерапрыемствамі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ