Шасцікласнікі з Начы наведалі Радунь  

- 16:44ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Вучні 6-га класа Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна здзейснілі экскурсію ў суседнюю Радунь – мястэчка, якое знаходзіцца ў дзесяці кіламетрах ад Начы і мае багатую гісторыю.

Спачатку наведалі народны гісторыка-краязнаўчы музей Радунскай сярэдняй школы. Сустрэў нас кіраўнік музея, гісторык, краязнаўца Іван Фясенка, які правёў цікавую і змястоўную экскурсію і расказаў шасцікласнікам пра ваенныя падзеі на Воранаўшчыне.

Асобная старонка гiсторыi – фашысцкая акупацыя 1941–1944 гадоў. Нацысты стварылi ў Радунi гета, у якім, па няпоўных звестках, утрымлiвалася каля 4000 чалавек. Вязнямi былi не толькi жыхары суседнiх мястэчак i вялiкiх вёсак, але i яўрэi Польшчы i Лiтвы. Вясной 1942 года вязнi былi расстраляны, многiх з iх фашысты пакiдалi ў яму i закапалi жывымi.

У музеі экспануецца айчынная і трафейная зброя, франтавыя пісьмы, пахавальныя лісты, асабістыя рэчы салдат, афіцэраў Чырвонай Арміі і партызан, якія прымалі ўдзел у вызваленні Воранаўшчыны, дакументы, фотаздымкі.

Затым мы наведалі музей ледавіковых валуноў “Валуны крутых дарог мінуўшчыны”, які знаходзіцца побач са школай. Іван Іванавіч расказаў, што ў калекцыі музея налічваецца 38 розных валуноў, аб’яднаных па тэматычных накірунках, яны маюць навуковую, гістарычную, культурную і эстэтычную каштоўнасць. Усе валуны былі прывезены на тэрыторыю музея з розных куткоў Воранаўскага краю, большасць з іх былі выяўлены ў вялікіх кучах сабраных з палеткаў камянёў – крушнях – і былі падрыхтаваны для вывазу на каменедрабілкі.

Вучні даведаліся, што мястэчка Радунь было асяроддзем яўрэйскай цывілізацыі і яўрэйскай культуры. З гэтым месцам звязана імя мудраца, знакамітага іўдзейскага філосафа, мараліста, пісьменніка і выкладчыка Хафеца Хаіма (Ісраэль Меір Ха-Кохен) – знакавай фігуры ў вачах яўрэяў усяго свету, узору для захаплення, найвышэйшай павагі і пакланення. Хафец Хаім меў неаспрэчны аўтарытэт як непераўзыдзены знаўца Торы, Талмуда і Танаха. Нездарма шмат гадоў назад у яўрэйскім асяроддзі з’явілася выслоўе: “Кожны паважаючы сябе яўрэй абавязаны хаця б аднойчы ў сваім жыцці наведаць Іерусалім і Радунь!” Менавіта тут, у Радуні, ён жыў, тут у 1933 годзе закончыўся яго зямны шлях, тут ён і пахаваны. Вучням цікава было пабываць на магіле Хафеца Хаіма.

Напрыканцы экскурсіі хлопчыкі і дзяўчынкі бавілі час на антывандальных трэнажорах, якія ўстаноўлены ў мясцовым парку. Час прайшоў непрыметна, задаволеныя ад убачанага і пачутага, у добрым настроі мы вярнуліся дадому.

 

Ірына УРУБЛЕЎСКАЯ,
класны
кіраўнік 6-га класа
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий