Краязнаўчая работа не патрабуе значных фінансавых выдаткаў і складанага абсталявання. Дастаткова ўважліва прыглядзецца да людзей, якія жывуць побач, даведацца пра гісторыю помнікаў і абеліскаў, якія знаходзяцца ў раёне навучальнай установы. Менавіта з такіх разважанняў зыходзілі педагогі сярэдняй школы № 3 Навагрудка, калі планавалі работу з вучнямі на час летняга адпачынку.
У аздараўленчым лагеры “Нашчадкі традыцый” рэалізуецца праект “У памяці назаўсёды”. Яго сутнасць – зберагчы памяць пра подзвіг салдат Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі пры вызваленні Навагрудка.
Аб’ектам пастаяннага клопату для выхаванцаў аздараўленчага лагеру “Нашчадкі традыцый” сталі могілкі савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Члены атрада “Следапыты” даведаліся, што на могілках пахавана 239 чалавек, у тым ліку 187 воінаў і партызан, якія загінулі летам 1944 года. На чатырох абелісках напісана “воін невядомы”. А зрабіўшы экскурс у гісторыю, дзеці дакладна высветлілі, што ў 1958 годзе ў цэнтры могілак быў устаноўлены помнік з выявай салдата.
Дзякуючы рэалізацыі праекта “У памяці назаўсёды” выхаванцы лагера пазнаёміліся з дзейнасцю школьнага патрыятычнага клуба “Памяць”, які займаецца пошукам сваякоў. Брацкія могілкі пад нумарамі 27 і 34 – асаблівы гонар нашых вучняў – гэта ўстаноўленыя імёны герояў, месца пахавання якіх не было вядома – Аўсяннікаў Сямён Андрэевіч (родам з Расіі, Пермскай вобласці, Кунгурскага раёна, вёска Кіндзелінская) і Архіпаў Аляксей Рыгоравіч (ураджэнец Тульскай вобласці, Алексінскага раёна, вёска Бошня).
Жадаючы ўнесці свой уклад, дзеці вырашылі пафарбаваць зоркі на помніках героям яркім чырвоным колерам.
Ала МАКСІМЕНКА,
кіраўнік школьнага патрыятычнага клуба “Памяць”,
выхавальнік лагера “Нашчадкі традыцый”
сярэдняй школы № 3 Навагрудка