У яслях-садзе № 23 Полацка працуе філіял № 4 Полацкай раённай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы.
Мы ўсе жывём у свеце, калі кнігі адышлі на другі план, а на іх месца прыйшлі інфармацыйныя тэхналогіі: камп’ютарныя гульні, тэлевізар, тэлефоны. А так хочацца бачыць дзяцей, якія гартаюць кнігі, разглядаюць ілюстрацыі; пачуць, як дзіцяці просіць пачытаць казку. Менавіта таму роля нашага супрацоўніцтва зводзіцца да таго, каб зацікавіць дзяцей, абудзіць у іх цікавасць да літаратурных твораў.
Сяброўства бібліятэкі і дашкольнай установы працягваецца вось ужо тры гады. За гэты час у кніжным царстве пабывала шмат дзяцей. Дашкольная ўстанова і бібліятэка – гэта не толькі добрыя суседзі, але і партнёры ў галіне асветы юных чытачоў. Прывіць дзіцяці любоў да чытання – у гэтым бачаць сваю асноўную мэту педагогі нашага дзіцячага садка і супрацоўнікі бібліятэкі.
У пачатку навучальнага года бібліятэкары сумесна з педагогамі распрацавалі сумесны план работы з выхаванцамі, дзе запланавалі мерапрыемствы разнастайнай тэматыкі, удакладнілі асаблівасці правядзення экскурсій, вольнага часу на базе філіяла бібліятэкі, магчымасць выкарыстання кніжнага фонду бібліятэкі для заняткаў з дашкольнікамі і ў сем’ях выхаванцаў.
Супрацоўніцтва бібліятэкі і дзіцячага сада арганізоўваецца таксама ў форме сумесных святаў. Святочныя дні прымеркаваныя да юбілеяў дзіцячых пісьменнікаў, выданню кніг.
Зусім нядаўна ў бібліятэцы для выхаванцаў старшай групы “Званочак” выхавальнікам Н.А.Гаўрылавай сумесна з супрацоўнікамі філіяла № 4 І.П.Стукавай і К.А.Шылавай была арганізавана “Вандроўка па дзіцячых часопісах”. У чытальнай зале бібліятэкі была падрыхтавана выстава “Беларускія дзіцячыя часопісы”. Супрацоўнікі філіяла пазнаёмілі дзяцей з дзіцячымі часопісамі: “Вясёлка”, “Буся”, “Матуліна сонейка”. А прыход казачных герояў і іх гульні з заданнямі па-сапраўднаму зацікавілі дашкалят. І сама атмасфера бібліятэкі спрыяла актыўнаму ўспрыманню дашкольнікамі прапанаваных ведаў, будзіла ўяўленне дзяцей, вымушала актыўна ўдзельнічаць у абмеркаваннях.
У бібліятэцы дзеці не толькі слухалі і глядзелі, але і прымалі актыўны ўдзел: чыталі вершы, удзельнічалі ў гульнях, адгадвалі загадкі. Яшчэ доўгі час дзеці знаходзіліся пад вялікім уражаннем ад наведвання бібліятэкі.
Такое супрацоўніцтва дапамагае абудзіць цікавасць да кнігі і чытання, а разам з тым у свядомасці дзяцей закладваюцца такія важныя паняцці, як дабро і зло, гонар і сумленне, міласэрнасць і спачуванне, выхоўваецца цікавасць і любоў да кнігі, імкненне да зносін з ёй. Нашы выхаванцы становяцца ў далейшым пастаяннымі чытачамі філіяла бібліятэкі. Гэта наш агульны поспех узаемадзеяння: дзяцей, бацькоў, педагогаў і супрацоўнікаў бібліятэкі.
Дар’я ХАХЛОВА,
намеснік загадчыка
ясляў-сада № 23 Полацка