Вясёлы карэспандэнт наведаў Гезгалаўскі яслі-сад

- 11:50ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Гезгалаўскі яслі-сад на гульню-віктарыну “Мая любая старонка” завітаў Вася Вясёлкін, карэспандэнт часопіса “Вясёлка”, якому рэдакцыя дала важнае заданне: напісаць артыкул пра аграгарадок Гезгалы, каб усе чытачы даведаліся, якая цудоўная мясціна ёсць на Дзятлаўшчыне.

Педагогі Гезгалаўскага ясляў-саду ўпэўнены, што выхоўваць у дзяцей пачуццё любові да малой радзімы, усведамленне сваёй прыналежнасці да яе, трэба з самага дзяцінства. З гэтай мэтай творчай групай распрацаваны шэраг мерапрыемстваў: гульні-віктарыны, дыдактычныя гульні, забавы.

Нашы выхаванцы з задавальненнем распавядалі госцю пра сваю малую радзіму: геаграфічнае палажэнне, узнікненне яе незвычайнай назвы “Гезгалы”, пра герб пасёлка, яго святара Уладзіміра Гезгальскага.

Праз гульню “Кожнаму свой дом” дзеці расказалі і паказалі, якія прыгожыя мясціны знаходзяцца каля аграгарадка: лес, рэчка Моўчадзь, квяцісты луг.

Потым Вася Вясёлкін паказаў дзецям фотаздымкі ўстаноў аграгарадка Гезгалы і прапанаваў падрабязней расказаць пра прафесіі людзей, якія там працуюць. Дзеці з задавальненнем выканалі заданне карэспандэнта і паказалі добрыя веды сваёй малой радзімы.

Разам з госцем малышы вывучылі новыя прыказкі і прымаўкі пра родны кут: “Усюды добра, а дома лепей”, “Свая хатка, як родная матка”, а потым пагулялі ў любімыя беларускія гульні “Міхасік”, “Кашка”.

Напрыканцы мерапрыемства карэспандэнт прапанаваў дзецям выказаць свае пажаданні малой радзіме і размясціць маленькае сардэчка, як часцінку сваёй любові, на калектыўную творчую работу “Любы сэрцу куток”. І, канечне, на памяць пра сустрэчу зрабілі прыгожы фотаздымак для часопіса “Вясёлка”.

Вася Вясёлкін шчыра падзякаваў дзецям за гасціннасць, добразычлівасць і пажадаў заўсёды любіць зямлю, на якой нарадзіліся.

 

Алена ЛУКІЯНЕЦ,
намеснік загадчыка
Гезгалаўскага ясляў-сада
Дзятлаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий