У яслях-садзе № 83 “Расінка” Гродна, дзякуючы намаганням кіраўніцтва, была створана група, для якой увесь педагагічны працэс праходзіць на беларускай мове.
Своеасаблівай традыцыяй нашага дзіцячага садка сталі беларускія забавы і святы, у якіх прымаюць удзел дзеці рознага ўзросту. Акрамя таго, кожнае лета выхавальнікі арганізоўваюць для дзетак святкаванне дастаткова незвычайных свят. Такі падыход да педагагічнай працы робіць кожны дзень яскравым, а цікавыя падзеі і мерапрыемствы на доўгі час застаюцца ў памяці дзяцей.
Сярод такіх мерапрыемстваў, напрыклад, дзень сюрпрызаў, калі дзеці са шчырасцю і цікавасцю дарылі адно аднаму зробленыя сваімі рукамі напярэдадні паштоўкі і розныя вырабы з прыродных матэрыялаў.
Цікава прайшоў дзень працаголіка. Малышы разам з выхавальнікамі з задавальненнем наводзілі парадак і чысціню ў групе і на вуліцы, і тым самым выпрацоўвалі ў сабе пачуццё адказнасці і працавітасці.
У Міжнародны дзень тыгра хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі Гродзенскі заапарк, дзе ўбачылі сапраўдных тыграў і праслухалі невялікі азнаямленчы аповед пра гэтых жывёл, а потым ужо ў дзіцячым садку яны з радасцю малявалі тыграў фарбамі.
Усе гэтыя святы і мерапрыемствы праходзілі цалкам на беларускай мове, што спрыяла фарміраванню ў дзяцей любові да беларускай культуры, а беларуская мова стала значна вальней выкарыстоўвацца ў зносінах як з аднагодкамі, так і з бацькамі.
Святы, якія прыносяць дзецям радасць і весялосць, служаць важным сродкам іх гарманічнага выхавання.
Алена ПЫШЫНСКАЯ,
загадчык
ясляў-сада № 83 Гродна