У чарговы раз педагогі Дзятлаўшчыны здзейснілі цікавую і пазнавальную паездку па родных, але нязведаных маршрутах роднай Беларусі. Дзятлаўскі райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі арганізаваў экскурсію па некалькіх раёнах Беларусі.
Педагогі пабывалі ў храме-крэпасці ў Сынкавічах (Зэльвенскі раён), пабачылі палацавы комплекс у Ружанах (Пружанскі раён), наведалі сядзібу Т.Касцюшкі і Косаўскі замак (Івацэвіцкі раён), здзейснілі аглядную экскурсію па Слоніму.
Экскурсія пачалася з наведвання царквы Святога Архангела Міхаіла, дзе можна было прыкласціся да цудатворнай іконы Божай Маці Усецарыца.
Вельмі цікава было наведаць прыгожы архітэктурны ансамбль, які называюць беларускім Версалем, – маёнтак аўтара Статута Вялікага княства Літоўскага, знакамітага магната Льва Сапегі. Як вядома, у XVII ст. Ружанскі замак быў значным цэнтрам палітычнага жыцця Вялікага княства Літоўскага. Цікава было даведацца, што ў вялізных двухпавярховых падвалах замка захоўвалася казна Вялікага княства Літоўскага, дзяржаўныя дакументы і архіў роду Сапегаў.
Наступным прыпынкам было ўрочышча Мярэчаўшчына, дзе размешчаны мемарыяльны музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі, якому было наканавана прыняць удзел у амерыканскай рэвалюцыі і вайне за незалежнасць, узначаліць польскае паўстанне і стаць нацыянальным героем Беларусі, Польшчы, Літвы, Францыі і ЗША.
Моцныя ўражанні пакінуў палац Пуслоўскіх, або Косаўскі замак – дзіўны таямнічы замак, які не мае аналагаў у Беларусі. Яго архітэктура, выкананая ў стылі неаготыкі, унікальная. Ён складаецца з дванаццаці вежаў, якія ўзвышаюцца над двухпавярховым будынкам самога палацу. Вежы маюць зубчастыя вяршыні і напамінаюць данжон у сярэдневяковых замках. Існуе меркаванне, што колькасць вежаў замка звязана з месяцамі года, а колькасць зубцоў – з днямі тыдня.
Шмат яшчэ цікавага было пачута падчас экскурсіі, дзякуючы гідам па знакамітых мясцінах.
Колькі ж усяго можна пабачыць, пачуць, якія прыемныя ўражанні можна атрымаць, вандруючы па нашай радзіме!
Галіна ГАЎРОШ,
член прафсаюзнай арганізацыі
Гезгалаўскага ясляў-сада
Дзятлаўскага раёна