Уладальніца звання “Лепшы малады спецыяліст” Магілёўскага раёна настаўніца пачатковых класаў Сухараўскага ясляўсада — сярэдняй школы імя Ю.М.Двужыльнага Яна Валер’еўна Кінішэнка з нецярпеннем чакае новага навучальнага года, каб хутчэй сустрэцца са сваімі другакласнікамі.
— Шчыра кажучы, у мяне страх сцэны, ніколі не любіла выступаць на вялікую аўдыторыю. Мне падабаецца працаваць у ціхай і спакойнай абстаноўцы. Калі сярод калег пачаліся размовы пра конкурс, я спадзявалася, што гэта пройдзе міма мяне. Але ў выніку прапанавалі паўдзельнічаць менавіта мне. Мы пачалі падрыхтоўку. Актыўна дапамагала настаўніца пачатковых класаў Таццяна Аляксандраўна Султанава. Лічу, што толькі дзякуючы каласальнай падтрымцы калектыву я атрымала дыплом I ступені, — расказвае малады спецыяліст.
Сярод старэйшых прадстаўнікоў сям’і Яны Кінішэнка не было настаўнікаў. Яе сястра першая пайшла ў педагогі і пачала выкладаць замежную мову. А Яна Валер’еўна разумела, што яе прыцягвае работа з маленькімі дзецьмі, і выбрала прафесію настаўніка малодшых класаў.
— Ужо ў пачатку адзінаццатага класа я загарэлася гэтай ідэяй. Падчас вучобы ў школе праходзілі дні самакіравання. Цэлы дзень настаўніцкі пакой быў у нашым распараджэнні. Мне дасталася роля настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. З таго моманту і ўзнікла мара стаць педагогам. Мой выбар выпаў на факультэт пачатковай і музычнай адукацыі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Падчас вучобы асабліва падабаліся практыкі. Нас размяркоўвалі па школах і першапачаткова дазвалялі толькі назіраць урокі, але з другога курса нас ужо дапускалі весці заняткі. Захапляла падрыхтоўка да адкрытых урокаў. Дарэчы, заўсёды атрымлівала высокі бал за іх. Настаўнікі, якія курыравалі нас падчас практык, казалі, што не абавязкова ўсё атрымаецца з першага разу, але галоўнае — жаданне і добрыя ўзаемаадносіны з дзецьмі. Так і выйшла. Бывалі моманты сумненняў, але яны хутка праходзілі. Выпускаючыся з універсітэта, я ўсвядоміла, што быць педагогам — маё сапраўднае прызванне, — адзначае малады педагог.
У Яны Валер’еўны мэтавае накіраванне ад універсітэта. Такім чынам яна апынулася ў аграгарадку Сухары Магілёўскага раёна. Адміністрацыя школы і калегі цёпла прынялі дзяўчыну ў свой калектыў.
— Чакаю новага навучальнага года, каб хутчэй сустрэцца са сваімі другакласнікамі. З малымі мне камфортна. Я разумею, што мне лягчэй чамусьці навучыць іх, бо яны больш паслухмяныя, чым старшакласнікі. Вядома, ад бацькоў выхаванцаў таксама многае залежыць. Але мне і тут пашанцавала: яны вельмі падтрымліваюць, — зазначае педагог.
Пакуль што Яна Валер’еўна не практыкуе якія-небудзь уласныя метады навучання, бо яна толькі напрацоўвае вопыт.
— Я актыўна карыстаюся папулярнымі прыёмамі і парадамі старэйшых калег. Напрыклад, з універсітэцкай практыкі мне запомніўся адзін прыём — размяшчаць магніты на дошцы, каб вучні выкарыстоўвалі іх для цікавых заданняў падчас перапынку. З дапамогай такіх лайфхакаў дзеткі паляпшаюць маторыку, вучацца лічыць і вызначаць колеры. Пастаянна знаходжу шмат займальных гульняў у адкрытых крыніцах інфармацыі. Раблю ўхіл на інтэрактывы, каб заўсёды была сувязь з класам, — адзначае педагог.
Яна Валер’еўна закранула праблему, актуальную для маладых спецыялістаў: чаму яны надоўга не затрымліваюцца ў прафесіі:
— Лічу, што тут пакуль няма наладжанай сістэмы. Маладых спецыялістаў размяркоўваюць па аграгарадках і вёсках, але для іх не забяспечана магчымасць хуткага праезду да месца працы, узнікаюць некаторыя нязручнасці з жыллём паблізу. Асабіста ў мяне дарога з горада і назад займае шмат часу. Аўтобус ездзіць два разы на дзень — зранку і пасля абеду. Такім чынам, калі не паспяваю на аўтобус, трэба прасіць кагосьці падвезці. Кошт праезду на аўтобусе на парадак вышэйшы, чым у горадзе, у выніку атрымліваецца вялікая сума. Для мяне гэтыя нюансы не важныя, таму што я люблю сваю работу і гатова ахвяраваць камфортам. Але што тычыцца маіх аднакурснікаў і калег, то не кожны згодны на такія ўмовы.
Настасся ЧАРКАНАВА
Фота аўтара