Час здароўя і поспеху

- 11:23ВИТЕБЩИНА, Регионы

 

Лета ў самым разгары, а ў лагеры “Прамень” Віцебскага раёна завяршылася другая змена, якая праходзіла з 6 па 23 ліпеня. Дэвізам нашай грамадзянска-патрыятычнай змены стаў слоган: “Час адкрыццяў малой радзімы”. Кожны са 124 выхаванцаў змены знайшоў тут новых сяброў і аднадумцаў, новыя веды і сэнсы.

“Прамень” размясціўся ў маляўнічым кутку нашага краю. Утульная ўладкаваная берагавая лінія возера Шэвіна, залатыя стромкія ствалы соснаў, працятыя сонечнымі прамянямі, ствараюць адчуванне камфорту і незабыўна рамантычны настрой. Як не успомніць, што старажытныя грэкі лічылі, што родная зямля цягне да сябе чалавека, паланіўшы яго нейкай невымоўнай слодыччу.

Назвы атрадаў сімвалізавалі жыццёвыя прынцыпы падрастаючага пакалення: “Пярэчыш – прапануй, прапануеш – рабі!”, “Патриотами расти, чтобы мир не подвести!”,“Не сидим на месте – мы сильны, когда мы вместе!”

У рамках грамадзянска-патрыятычнага напрамку прайшлі дні малой радзімы, краязнаўства і беларускай мовы. Нашы выхаванцы ахвотна ўключыліся ў інтэлектуальную віктарыну “Ці ведаеш ты Беларусь?”, конкурс-прэзентацыю “Мая малая радзіма”, акцыю “Спяём гімн разам”. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што недалёка ад Шэвіна нарадзіўся і вырас самы высокі чалавек на зямлі – Фёдар Махноў, рост якога складаў 285 сантыметраў. Дарэчы, дзейсным стымулам да перамогі і дасягненняў сталі мясцовыя грашовыя адзінкі – “шэвінкі”, якімі ў канцы змены можна было распарадзіцца па сваім жаданні.

У кожнага дзіцяці лета асацыіруецца з сонцам, вадой, сябрамі і вольным часам, які можна патраціць на рухомыя гульні і захапленні. Дзеці з задавальненнем гулялі ў валейбол, футбол, настольны тэніс, рухомыя гульні. Кажуць, што краіна павінна ведаць сваіх чэмпіёнаў. Чэмпіёны ёсць і ў нас. Станіслаў Аўдзееў займаецца футболам і з’яўляецца уладальнікам срэбнай буцы, Вераніка Баравікова мае больш за 100 медалёў па гімнастыцы. Усе юныя спартсмены добра “падзарадзіліся” і натхніліся поспехам сяброў. Таму, нягледзячы на завяршэнне змены, мы ўпэўнены, што яна будзе працягваць запальваць на небасхіле дзяцінства і юнацтва новыя зорачкі.

Асаблівую любоў і дзіцячае прызнанне заваявалі квесты, падчас якіх трэба быць не толькі спрытным, адважным і ўмелым, але дэманстраваць веды, эрудыцыю і камандны дух.

Хтосьці сказаў, што дзіця – гэта брыльянт, трэба толькі заўважыць талент і дапамагчы яму раскрыцца. Заняткам па інтарэсах спрыялі аб’яднанні дадатковай адукацыі “Вучымся іграць на гітары”, “Ліра”, “Рытмаловы”, “Самаабарона”.

Нашы “Васілёчкі” з 5-га атрада палюбілі ўрокі малявання, навучыліся прынцыпам формаўтварэння і перадачы настрою праз колер. Хлопцы з 3-га і 4-га атрадаў пачалі спасцігаць асновы ігры на гітары і навучыліся дружна спяваць пад гітару, дзяўчынкі 2-га атрада арганізавалі танцавальную групу і ўздымалі настрой усім нам сваімі энергічнымі і вельмі прыгожымі танцамі. Выхаванцам з 1-га атрада ўдалося стварыць вельмі выразныя і пранікнёныя вобразы ваеннага ліхалецця ў музычнай кампазіцыі на песню Марка Бернеса “Жураўлі”, прысвечанай 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

             

Каб нішто не азмрочвала бесклапотнае дзяцінства, у рамках дня бяспекі прайшла інтэрактыўная гульня “Канікулы без дыму і агню”, дзякуючы якой дзеці навучыліся суадносіць жыццёвыя сітуацыі з тэлефонамі экстраных службаў, збіраць пажарны апавяшчальнік, арыентавацца ў схемах эвакуацыі, хутка апранацца ў экіпіроўку ратавальнікаў.

Дзень экалогіі навучыў нашых выхаванцаў прынцыпам устойлівага развіцця, каб яшчэ многія пакаленні маглі радавацца прыгажосці беларускай прыроды. Удзельнікі творчай майстэрні “Экамода” зрабілі акцэнт на эфектныя вобразы. У рамках калектыўнай творчай справы дзеці падбіралі слоган пра асцярожнае стаўленне да прыроды, самыя старэйшыя далучыліся да акцыі “Чысты бераг”.

Лета – час здароўя і поспеху, новых сустрэч і ўражанняў. Многія нашы выхаванцы адпачывалі ў лагеры ўпершыню, а некаторыя прыязджаюць сюды ўжо сем гадоў запар і абяцаюць вярнуцца зноў. Таму мы не гаворым лагеру: “Бывай”, мы кажам: “Да хуткай сустрэчы, “Прамень”!”

Ірына ВЫХАДЦАВА,
педагог-арганізатар ДАЛ “Прамень”,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Мазалаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий