Ва ўрачыстай атмасферы на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій ГДУ імя Ф.Скарыны прайшло акрыццё класа робататэхнікі Гомельскага тэхнапарка. Інавацыйны праект стаў чарговым крокам на шляху развіцця і ўмацавання партнёрскіх сувязей паміж арганізацыямі.
Высокія тэхналогіі ўваходзяць у паўсядзённае жыццё паступова: “разумны дом”, інтэрактыўныя мастацкія выставы, боты-суразмоўцы. Нядзіўна, што навучаць хлопцаў і дзяўчат асновам праграміравання і робатабудавання пачынаюць ужо ў школе. Цэнтры робататэхнікі адкрываюцца ўсё часцей, робаты міргаюць святлодыёдамі на ўсіх узроўнях навучальных устаноў: ад садкоў да універсітэтаў, але больш за ўсё – у школе.
Робататэхніка лічыцца інструментам для паглыбленага вывучэння такіх дысцыплін, як інфарматыка, фізіка і тэхналогія. Як адзначыў рэктар ГДУ Сяргей Хахомаў, для ўніверсітэта гэта не першы вопыт узаемадзеяння з калегамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій.
– У ГДУ імя Ф.Скарыны адкрыта лабараторыя інжынерна-тэхнічнай творчасці старэйшых школьнікаў і студэнтаў STEM-Hub. Гэта вынік цеснага супрацоўніцтва з Асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні” і карпарацыяй Mastercard. Прадстаўнікі нашай УВА сталі пераможцамі першага гарадскога хакатона Гомельскага тэхнапарка. На базе ўніверсітэта пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама прайшоў хакатон сацыяльна значных праектаў, па выніках якога студэнты факультэта фізікі і ІТ увайшлі ў лік пераможцаў, – паведаміў Сяргей Анатольевіч.
Дырэктар Гомельскага тэхнапарка Дзмітрый Марозаў падкрэсліў, што навучанне ў робакласе дазваляе, па-першае, атрымаць новыя веды, па-другое, раскрыць свой творчы патэнцыял і больш асэнсавана падысці да выбару будучай спецыяльнасці.
– Гэты курс – яшчэ адна спроба зрабіць экаасяроддзе, дзе навучэнцы старшых класаў ужо пачынаюць вучыцца ва ўніверсітэцкіх абставінах. У нас ёсць намер ператварыць хлапчукоў і дзяўчат, якія не развітваюцца з гаджэтамі ні на хвіліну, са спажыўцоў праграмных прадуктаў у яго вытворцаў, – адзначыў Дзмітрый Мікалаевіч.
Вучэбная праграма ў новым робаклассе ўключае заняткі па асновах праграміравання на мове Scratch, праграміраванні электронных прылад і віртуальнага разумнага дома на аснове тэхналогій RobboScratch і Arduino Wiring, мабільнай робататэхніцы, схематэхніцы, а таксама 3D-мадэліраванні і друку.
Заняткі для дзяцей ад 10 да 15 гадоў будуць праходзіць на базе факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій ГДУ. Навучаць хлопчыкаў і дзяўчынак запрасілі спецыялістаў, якія прайшлі стажыроўку ў адукацыйным цэнтры кампаніі “РОББО” ў Санкт-Пецярбургу. Аналагічная вучэбная праграма ўваходзіць у адукацыйную праграму больш за 70 школьных устаноў Расіі і Фінляндыі. Так у школьнікаў з’явіцца магчымасць адначасова вучыцца і ствараць свет будучыні.
Кацярына КАВАЛЕНКА
Фота аўтара