- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Адкрылі новыя гарызонты

 

 

У апошні час школьныя паходы становяцца рэдкасцю, а між тым дзеці вельмі любяць турызм. Арганізацыя і правядзенне паходаў мае масу станоўчых момантаў. Таму ад турыстычных паходаў адмаўляцца нельга нават у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Паход – гэта магчымасць аздараўлення за кошт павышанай рухальнай актыўнасці. Гэта наведванне памятных месцаў, прыродных славутасцей. Гэта знаходжанне ў экалагічна чыстых умовах. Гэта сумесная дзейнасць, заснаваная на ўзаемадапамозе і таварыстве. Менавіта такі від дзейнасці раскрывае рабят зусім з іншага боку, чым у школе. А для настаўніка паход з’яўляецца школай педагагічнага майстэрства. Класны кіраўнік, робячы першыя крокі па турыстычнай сцежцы і пераадольваючы з навучэнцамі цяжкасці, становіцца для іх аўтарытэтным лідарам.

Няўстойлівае летняе надвор’е не парушыла планы дзевяцікласнікаў Кадзінскай сярэдняй школы: разам з педагогамі і бацькамі яны адправіліся ў двухдзённы паход. Адпраўным пунктам стала школа, хлопцы і дзяўчаты ў поўнай экіпіроўцы сабраліся ля ганка. Наперадзе ўсіх нас чакала займальная прыгода.

               

Падчас руху па маршруце ўдзельнікі вывучалі мясцовую разнастайнасць раслін і насякомых, наведвалі брацкія магілы аграгарадка Кадзіна. А калі мы дабраліся да выбранага месца, нягледзячы на стомленасць, даволі хутка разбілі лагер.

Час ляцеў. Мы гулялі ў валейбол і інтэлектуальныя гульні, купаліся, самі гатавалі ежу. Калі цямнела, усе збіраліся каля вогнішча і спявалі песні пад гітару, танцавалі і душэўна размаўлялі.

Дзякуючы паходу, дзеці адкрылі шмат пазнавальнага і цікавага, выпрабавалі сябе на трываласць. А яшчэ яны навучыліся крыху лепш разумець тых, хто знаходзіцца побач, сталі бліжэй адно аднаму.

Таццяна ПАДРАБІНКІНА,
педагог-арганізатар Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий