У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны падвялі вынікі сёлетняй уступнай кампаніі. Якія спецыяльнасці сталі найбольш запатрабаванымі, распавялі ў прыёмнай камісіі ўніверсітэта.
Зусім хутка на ўрачыстай лінейцы студэнты першага курса будуць успамінаць, якой была для іх ўступная кампанія – 2020: хвалюючай, напружанай і напрыканцы шчаслівай. Яшчэ ўспомніцца, як пісалі цэнтралізаванае тэсціраванне, падавалі дакументы ў прыёмную камісію, а пасля пільна вывучалі спісы залічаных, дзясятак разоў звяраючы літары на запаветным стэндзе. Набраць высокія балы на ЦТ і годна пацвердзіць веды змаглі 1388 лепшых абітурыентаў, якія і атрымалі заслужаную ўзнагароду – права называцца студэнтамі.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі ГДУ імя Ф.Скарыны Андрэй Кліменка распавёў пра конкурс і прахадныя балы, якія на шасці спецыяльнасцях былі вышэйшымі ў Гомельскай вобласці:
– На дзённай форме навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту найвышэйшы прахадны бал быў на спецыяльнасці “Правазнаўства” – 337, на “Эканамічнай інфарматыцы” – 334, на “Бізнес-адміністрыраванні” – 330. У топ-6 увайшлі таксама “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” (318, п/п) і “Замежныя мовы (англійская, нямецкая), (англійская, французская)” (316).
Папулярнай сярод абітурыентаў стала новая спецыяльнасць “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)”, што была адкрыта на гістарычным факультэце. Для паступлення на яе сума балаў сертыфікатаў ЦТ павінна была складаць не меньш за 325.
Як адзначыў дэкан гістарычнага факультэта Станіслаў Чарапко, студэнты пазначанай спецыяльнасці набудуць паглыбленыя веды ў галіне турызму і замежных моў: англійскай, нямецкай. Яны атрымаюць кваліфікацыю “Спецыяліст па міжкультурных камунікацыях. Перакладчык англійскай і нямецкай моў”.
– Падчас вучобы студэнты будуць вывучаць такія дысцыпліны, як сусветная мастацкая літаратура, культуралогія, псіхалогія бізнесу. У залежнасці ад сферы дзейнасці (эканоміка, турызм, рэклама, культура) у праграму будуць уключаны дадатковыя прадметы, – удакладніў Станіслаў Аляксандравіч.
Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання лепшы вынік сярод абітурыентаў у гэтым годзе паказаў выпускнік гімназіі гарадскога пасёлка Карма Іван Рываненка. Юнак набраў 385 балаў! Уладальнік Дыплома III ступені трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (матэматыка), залатога медаля “За выдатныя поспехі ў вучэбнай дзейнасці” абраў спецыяльнасць “Матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)”.
– У мінулым годзе я паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на праграміраванне. Аднак праз некаторы час зразумеў, што памыліўся з выбарам. Гэта не зусім мая справа. Класічная матэматычная навука прыцягвае мяне значна больш, а ў ГДУ, наколькі мне вядома, дзейнічаюць сур’ёзныя навуковыя школы.
Высокія прахадныя балы абумоўленыя аўтарытэтам Гомельскага дзяржуніверсітэта ў рэгіёне. Не менш важную ролю адыгрывае значнасць УВА на міжнароднай арэне.
– Паводле рэйтынгу сусветных універсітэтаў Webometrics, апублікаванаму ў ліпені бягучага года, ГДУ імя Ф.Скарыны стаў чацвёртым сярод лепшых УВА Беларусі. У параўнанні са студзенем бягучага года ўніверсітэт падняўся ў сусветным рэйтынгу на 417 пунктаў і ўвайшоў у 12 % лепшых устаноў адукацыі свету, – адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце Ігар Семчанка.
Свабода і самастойнасць, юнацкія мары, прадчуванне новых сустрэч, цікавых падзей і вясёлых святаў – першакурснікам ГДУ імя Ф.Скарыны яшчэ прыйдзецца ацаніць усе адметнасці незабыўнай студэнцкай пары. Ну што ж… Хай спраўджваюцца мары!
Кацярына КАВАЛЕНКА
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА